Пантыфік нагадаў суддзям пра прыклад бл. Разарыа Ліваціна
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сёння ў Агрыджэнта быў беатыфікаваны Разарыа Анджэла Ліваціна, мучанік правасуддзя і веры. У сваім служэнні грамадству як сумленны суддзя, які ніколі не паддаўся карупцыі, ён заўсёды імкнуўся судзіць не дзеля таго, каб асудзіць, але каб збавіць. Ён заўсёды давяраў сваю працу “Божай апецы”, таму стаў сведкам Евангелля аж да гераічнай смерці. Няхай яго прыклад будзе для ўсіх, асабліва для суддзяў, заклікам да таго, каб быць сумленнымі абаронцамі законнасці і свабоды”, - пажадаў Святы Айцец на заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якая 9 мая 2021 г. прайшла ў Ватыкане.
Разарыа Ліваціна адкрыта прызнаваў, што яго барацьба з мафіяй была абумоўлена хрысціянскай верай і прафесійнай добрасумленнасцю. Яго дзеянні і словы былі настолькі эфектыўныя ў барацьбе супраць мафіёзі, што яны замовілі яго забойства. 21 верасня 1990 г. 38-гадовы суддзя быў застрэлены непаўналетнімі забойцамі па замове Коза Ностры.