Агульная аўдыенцыя: мы заўсёды можам разлічваць на малітву Езуса
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец распавёў у сваёй катэхезе пра фундаментальнае значэнне малітвы ў адносінах Езуса з Яго вучнямі, што было заўважна ўжо падчас абрання першых апосталаў. Як апавядае евангеліст Лука, перад тым як зрабіць выбар, Езус маліўся на працягу ўсёй ночы (6,12-13).
“Здаецца, што не было іншага крытэрыя для гэтага выбару, акрамя малітвы, акрамя дыялогу з Айцом. Калі паглядзець на пазнейшыя паводзіны гэтых людзей, здаецца, што выбар быў не самы лепшы: усе паўцякалі, пакінулі Яго ў самотнасці падчас мукі, але менавіта гэта, асабліва прысутнасць Юды, будучага здрадніка, паказвае, што іх імёны былі ўпісаны ў Божую задуму”, - дадаў Папа.
Хрыстус заўсёды маліўся за сваіх сяброў. “Апосталы часам былі для Яго прычынай хвалявання, але Езус, атрымаўшы іх ад Айца, насіў іх у сваім сэрцы, нават з іх памылкамі і падзеннямі. Ва ўсім гэтым мы заўважаем, што Езус быў настаўнікам і сябрам, заўсёды гатовым з цярплівасцю чакаць навяртання вучня. Вяршыняй гэтага цярплівага чакання з’яўляецца “сетка” любові, якую Езус ткаў вакол Пятра. Падчас Апошняй вячэры Езус сказаў яму: “Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх”. Той адказаў Яму: “Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць” (22,31-32)”, - падкрэсліў Пантыфік.
Малітва Хрыста папярэднічала таксама выпрабаванню веры апосталаў, калі Ён пытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?”. “Вялікім паваротным момантам місіі Езуса заўсёды папярэднічала моцная, працяглая малітва. Гэта выпрабаванне веры можа здавацца канчатковай мэтай, але на самой справе было чарговым зыходным пунктам для вучняў, бо з гэтага моманту Езус перайшоў на адзін тон вышэй у сваёй місіі, адкрыта распавядаючы ім пра сваю муку, смерць і ўваскрасенне”, - падкрэсліў Францішак.
Пасля таго як Езус распавёў вучням пра тое, што чакае Яго ў Ерузалеме, Ён узяў з сабой Пятра, Якуба і Яна і ўзышоў на высокую гару, дзе яны сталі сведкамі Перамяненне Пана, якое было прадвяшчэннем Яго хвалы. Францішак заўважыў, што Перамяненне адбылося менавіта падчас малітвы, “калі Сын быў занураны ў адзінства з Айцом і цалкам прыняў Яго волю любові, Яго задуму збаўлення”.
“Езус не толькі хоча, каб мы маліліся, як моліцца Ён, але запэўнівае нас у тым, што нават калі нашы спробы малітвы будуць зусім марнымі і бясплённымі, мы заўсёды можам разлічваць на Яго малітву”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы вернікаў прасіць Хрыста аб малітоўнай падтрымцы ў цяжкія моманты.
“Нават калі нашы малітвы былі б толькі мармытаннем, калі былі б скампраметаваны хісткай верай, мы ніколі не павінны пераставаць давяраць Яму. Я не ўмею маліцца? – Ён моліцца за мяне. Падтрыманыя малітвай Езуса нашы нясмелыя малітвы абапруцца на арліныя крылы і ўзнясуцца да самага Неба”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў памятаць пра тое, што ў “хвіліну выпрабаванняў і нават у хвіліну граху Езус з вялікай любоўю моліцца за мяне”.