Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: цэнтральная роля ў Евангеллі адведзена бедным

У відэазвароце да аргентынскай дыяцэзіі Мар-дэль-Плата Папа падкрэсліў важнасць служэння свецкіх, духавенства і дабрачынцаў Касцёла, якія прысвячаюць сваё жыццё дапамозе бяздомным.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Няспынная праца дзень і ноч, каб дапамагчы тым, хто нічога не мае і жыве на вуліцы. Вось што робяць гадамі валанцёры дзвюх аргентынскіх дабрачынных арганізацый Ночэ дэ Карыдад і Хогар дэ Назарэт у дыяцэзіі Мар-дэль-Плата, на паўднёвым усходзе ад Буэнас-Айрэса. Цяпер, калі ў паўднёвым паўшар'і пачынаецца зіма, прыярытэтам для дабрачынцаў стане дапамога бяздомным падчас надзвычайных халадоў.

Францішак вітае ўсе гэтыя намаганні ў кароткім відэазвароце на іспанскай мове. “Хацеў бы па-асабліваму адзначыць тых, хто служыць у Ночэ дэ Карыдад і Хогар дэ Назарэт у дыяцэзіі Мар-дэль-Плата за ўвагу да бяздомных. Дзякуй за тое, што вы робіце!”, - сказаў ён.

У сваім відэа Папа спасылаецца на новую ініцыятыву салідарнасці, якая будзе рэалізавацца ў Аргентыне наступныя тры зімовыя месяцы. Яна прадугледжвае арэнду двух гасцініц з 21 чэрвеня па 21 верасня 2021 г., каб забяспечыць прытулкам і харчаваннем каля 130 чалавек, якія жывуць на вуліцы.

“Дзякуй усім свецкім людзям, пастырам, касцёльным дабрачынцам і ўсім сектарам за дапамогу Хрысту ў асобе самых бедных і маргіналізаваных братоў. Тут знаходзіцца Хрыстус. У цэнтры Евангелля – бедныя”, - звярнуўся Пантыфік.

Як паведаміў Біскуп Мар-дэль-Плата Габрыэль Мэстрэ, сітуацыя бяздомных звязана з эканамічнымі і псіхалагічнымі прычынамі. Хоць у апошні год ахвяр холаду не было, у зімовы сезон многія людзі, што жывуць на вуліцы, знаходзяцца ў небяспецы. Адсюль ідэя ініцыятывы з часовай арэндай жытла.
 

24 чэрвеня 2021, 13:38