Францішак у Год Сям’і: кожнае сужэнства можа быць святым
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сужэнцы атрымалі ласку патомства, нягледзячы на бясплоддзе, дыягнаставанае ў маладосці. “На працягу 31 года сумеснага жыцця мы адкрылі, што з Езусам усё магчыма дзякуючы ласцы сакрамэнту сужэнства”, - сказаў бацька сям'і Антоніа. Ён прызнаўся, што дзякуючы сіле Духа Святога ён змог прыняць абмежаванні членаў сям'і і навучыцца іх слухаць, а таксама зрабіць сям'ю сваім прыярытэтам. Па гэтай прычыне ён кінуў працу ў Кітаі, каб праводзіць больш часу са сваімі блізкімі.
Спасылаючыся на гісторыю гэтага сужэнства, Пантыфік указаў на важнасць сем'яў у місіі Касцёла, называючы іх апорай евангелізацыі.
“Хачу сказаць вам адно: праз сакрамэнт сужэнства кожная сям'я атрымлівае ласку стаць святлом у цемры свету. Ці ведаеце вы каго-небудзь з святых сужэнцаў? Вядзецца шмат такіх беатыфікацыйных працэсаў. Святыя як сужэнцы, святыя разам, і муж, і жонка. Нармальныя людзі, звычайныя людзі, якія засведчылі любоў Езуса ў сужэнстве. Кожнае з вашых сужэнстваў можа быць святым, калі вы гэтага хочаце”, - звярнуў увагу ў відэа Святы Айцец.
Францішак параўнаў сужэнцаў па важнасці для Касцёла да кансэкраваных асоб. “Кожная сям'я – гэта дабро, гэта сіла Касцёла! Прыгажосць дару, які нараджаецца ў сям'і, радасць жыцця, якое нараджаецца, клопат пра маладых і пажылых, усё гэта робіць кожную сям'ю незаменнай не толькі ў Касцёле, але і ў грамадстве. Вось чаму Касцёл – гэта сям'я сем'яў, узбагачаная ўкладам кожнага з вас”, - падкрэсліў Папа.
Год Сям’я Amoris Laetitia распачаўся ў Каталіцкім Касцёле 19 сакавіка 2021 г., ва ўрачыстасць св. Юзафа. Яго завершыць 26 чэрвеня 2022 г. X Сусветная сустрэча сем’яў.