Папа: праца намашчае годнасцю і дае надзею на будучыню
Аляксандр Панчанка – Vatican News
5 чэрвеня 2021 г. Папа сустрэўся ў Ватыкане з 20-цю маладымі ўдзельнікамі ініцыятывы Канферэнцыі Біскупаў Італіі Progetto Policoro, якая прадугледжвае дапамогу моладзі ў пошуку працы, атрыманні прафесійнай фармацыі і адкрыцці ўласнай справы. Аўдыенцыя адбылася з нагоды 25-годдзя праекту, які рэалізуецца ў розных часткай Італіі.
У першую чаргу Францішак заклікаў сваіх гасцей “натхняць” эканоміку, “даваць ёй душу ў святле Евангелля”, не наракаючы на праблемы, а прысвячаючы сябе крэатыўнаму пошуку іх вырашэння і будуючы адносіны. Ён падкрэсліў, што праблемы ў сферы працы тычацца годнасці чалавека. “Годнасць чалавеку даюць не грошы ці веды, а праца. Праца – гэта намашчэнне годнасцю”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Другая парада Пантыфіка – жыць на сваёй зямлі, клапоцячыся пра яе, у паўнаце адносін з Богам, братамі, прыродай і самімі сабой, “любіць зямлю на якую Бог памясціў, пазбягаючы спакусы ўцячы ў іншыя месцы”, бо “менавіта перыферыі могуць стаць лабараторыямі братэрства”.
Францішак звярнуў увагу на выпадкі суіцыдаў сярод моладзі ў Італіі, а таксама на дэмаграфічную праблему, прычынай якой, у тым ліку, з’яўляецца беспрацоўе. “Вы павінны рэагаваць на гэта, каб маладыя людзі пачалі марыць, станавіліся бацькамі, заводзілі дзяцей, а для гэтага неабходна, каб у іх была праца. Праца – гэта гарантыя будучыні”, - дадаў Папа.
Пантыфік заклікаў моладзь “захапіцца” служэннем людзям, асабліва самым бедным і безабаронным членам грамадства, выкарыстоўвачы дары і харызматы, атрыманыя ад Бога.
Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей “суправаджаць” людзей, якіх сустракаюць на сваім шляху. “Вера кажа нам, што крызіс можа стаць перыядам узрастання: няхай Дух Уваскрослага Хрыста натхніць надзею, якая стане дапамогай людзям, каб маглі ўстаць, зноў выйсці ў шлях, марыць і браць на сябе адказнасць у жыцці, сям’і, Касцёле і грамадстве”, - дадаў ён.
“Няхай ваша прысутнасць у дыяцэзіях дапаможа ўсім зразумець, што евангелізацыя праходзіць таксама праз клопат аб працы”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы моладзь быць знакам Касцёла, які ўмее весці за руку.