Анёл Панскі: адсутнасць любові – самая цяжкая хвароба
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак пра аздараўленне Езусам жанчыны, хворай на крывацёк, і ўваскрашэнне дачкі Яіра (Мк 5,21-43). У гэтым апавяданні Хрыстус сутыкаецца з самымі драматычнымі сітуацыямі чалавека: смерцю і хваробай, паказваючы, аднак, што яны не маюць апошняга слова. “Ён кажа нам, што смерць – гэта не канец. Езус перамагае гэтага ворага, ад якога мы не можам вызваліцца ў адзіночку”, - дадаў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што жанчына, якая пакутавала на крывацёк, лічылася “нячыстай”, у евангельскія часы. У сувязі з гэтым яна была маргіналізавана – не магла мець стабільных стасункаў, не магла мець мужа, сям’і, нармальных сацыяльных адносін. “Яна жыла ў самоце, з параненым сэрцам”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што самай цяжкай хваробай з’яўляецца менавіта “адсутнасць любові, няздольнасць любіць”, таму ў першую чаргу неабходна было аздаравіць пачуцці гэтай жанчыны.
“У гісторыі гэтай безыменнай жанчыны мы ўсе можам убачыць сябе. Яна прайшла праз шмат лекаванняў, “патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш” (26). Як часта таксама і мы звяртаемся да памылковых сродкаў, каб утаймаваць наш недахоп у любові? Мы думаем, што нас могуць зрабіць шчаслівымі поспех і грошы, але любоў немагчыма купіць, любоў не купляецца. Мы ўцякаем у віртуальны свет, але любоў – канкрэтная. Мы не прымаем сябе такімі, якімі з’яўляемся, і хаваемся за прыхарошваннем знешнасці, але любоў – гэта не ілюзія. Мы шукаем адказаў у магаў і гуру, каб потым застацца без грошай і супакою, як гэта жанчына. Яна, нарэшце, выбрала Езуса і кінулася ў натоўп, каб дакрануцца да Яго плашча. Гэта жанчына, такім чынам, шукае прамога, фізічнага кантакту з Езусам. У гэты перыяд мы асэнсавалі наколькі важным з’яўляецца кантакт, адносіны. Тое самае тычыцца Езуса: часам мы задавольваемся захаваннем нейкага прадпісання ці паўтарэннем малітваў, нярэдка яе папугаі, але Пан чакае, каб мы сустрэліся з Ім, адкрылі Яму сэрцы, дакрануліся да Яго плашча і аздаравіліся як гэта жанчына, бо ўваходзячы ў блізкасць з Езусам, мы аздараўляем нашы пачуцці”, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што Езус прагне гэтага.
Францішак заўважыў, што, будучы ў акружэнні натоўпа, Езус аглядаўся, каб знайсці тую, якая да Яго дакранулася: шукаў аблічча і сэрца, поўнага веры. “Ён не глядзіць на ўсіх разам, але на асобу (...) Не спыняецца на ранах і памылках мінулага, але пераступае праз грахі і забабоны. Не спыняецца на знешнім, а дасягае сэрца і аздараўляе менавіта яе, спісаную ва ўтыль усімі. З ласкавасцю называе яе “дачкой” (43) – бо стылем Езуса з’яўляецца блізкасць, спагада і ласкавасць – і праслаўляе яе веру, вяртаючы ёй веру ў сябе”, - сказаў Папа.
“Сястра, браце, дазволь, каб Езус паглядзеў на цябе і аздаравіў тваё сэрца... І калі ты ўжо адчуў на сябе Яго ласкавы позірк, наследуй Яго, рабі як Ён. Азярніся навокал: убачыш як шмат параненых і самотных людзей жыве вакол цябе і мае патрэбу ў тым, каб адчуць сябе любімымі: зрабі першы крок. Езус просіць цябе аб позірку, які не будзе спыняцца на знешнім, але дасягне сэрца; аб позірку, які не будзе асуджаць..., але прымаць. Адкрыем нашы сэрцы, каб прыняць іншых, бо толькі любоў аздараўляе жыццё. Няхай Багародзіца, Суцяшальніца засмучаных, дапаможа нам несці ласкавасць людзям з параненымі сэрцамі, якіх сустракаем на нашым шляху”, - завяршыў разважанне Папа.