Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: летні адпачынак можа стаць часам духоўнага абнаўлення

“Жадаю ўсім вам, каб летні адпачынак стаў прывілеяваным часам для таго, каб нанава адкрыць прысутнасць вялікіх спраў Пана ў нашым жыцці”, - сказаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 30 чэрвеня 2021 г. у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Вітаючы вернікаў з розных краін свету, якія сабраліся ў Панадворку св. Дамаса ў Ватыкане, Францішак даў ім некаторыя духоўныя парады на лета. “На пачатку гэтага перыяду адпачынку і канікул вылучым час для таго, каб прааналізаваць наша жыццё і ўбачыць у ім сляды прысутнасці Бога, які не перастае весці нас”, - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што перыяд летняга адпачынку можа стаць часам духоўнага абнаўлення. Звяртаючыся на школьнікаў і студэнтаў, якія завяршылі навучальны год, Папа заклікаў іх не забываць пра малітву і наследаваць маладога Езуса, распаўсюджваючы вакол сябе Яго святло і супакой.

“Жадаю, каб летні перыяд стаў нагодай для паглыблення ўласных адносін з Богам і для таго, каб больш свабодна ісці за Ім па шляху Ягоных запаведзяў”, - сказаў Францішак.

Пантыфік заахвоціў “зрабіць стаўку на высокія ідэалы служэння, нагадваючы, што яны пашыраюць сэрца і робяць плённымі таленты”, а нагадваючы пра ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, якая адзначалася 29 чэрвеня, заклікаў з адвагай і рашучасцю падтрымліваць веру, перададзеную апосталамі і святымі.
 

30 чэрвеня 2021, 11:44