Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа сустрэнецца з дэлегацыяй Сусветнай лютэранскай федэрацыі

Папа прыме на аўдыенцыі дэлегацыю Сусветнай лютэранскай федэрацыі, якая з 24 па 25 чэрвеня 2021 г. будзе знаходзіцца з візітам у Рыме. Запланаваны і іншыя экуменічныя сустрэчы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У склад дэлегацыі будуць уваходзіць старшыня Федэрацыі, архіепіскап Панці Філібус Муса, яе генеральны сакратар, пастар Марцін Юнге, а таксама члены Рады, якая прадстаўляе сем рэгіёнаў сусветнай лютэранскай супольнасці. Яны сустрэнуцца з кіраўніцтвам Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Caritas Internationalis, з якім абмяркуюць пашырэнне супрацоўніцтва. Акрамя таго, пастар Юнге выступіць з дакладам у Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме, пры якім дзейнічае Інстытут экуменічных даследаванняў.

У камунікаце Сусветнай лютэранскай федэрацыі падкрэсліваецца, што сустрэча з Папам стане чарговым крокам на шляху “ад канфлікту да камуніі”, які знаходзіцца ў цэнтры каталіцка-лютэранскага дыялогу на працягу апошніх гадоў. Аўдыецыя ў Святога Айца адбудзецца 25 чэрвеня. У гэты дзень у 1530 г. было абвешчана Аўгсбургскае вызнанне – адзін з самых важных для лютэранскай канфесіі дакументаў.

Важным этапам экуменічных адносін з лютэранамі быў супольны ўспамін 500-годдзя Рэфармацыі ў шведскіх гарадах Лунд і Мальмё, дзе папа Францішак, пастар Юнге і тагачасны старшыня лютэранскай Федэрацыі, епіскап Муніб Юнан, правялі супольную малітву, абавязуючыся ўмацоўваць намаганні на карысць супольнага сведчання і служэння.

У 2021 г. таксама спаўняецца 500 гадоў з дня экскамунікі Марціна Лютэра папам Львом Х. Сумесная камісія лютэранскіх і каталіцкіх тэолагаў у цяперашні час вывучае гістарычны кантэкст гэтай падзеі і, як чакаецца, завершыць абмеркаванні да наступнай асамблеі Сусветнай лютэранскай федэрацыі, якая пройдзе ў 2023 г. у Кракаве.

 

18 чэрвеня 2021, 08:24