Пошук

Рабэр Шуман Рабэр Шуман 

Папа ўхваліў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Рабэра Шумана

Французскі палітык і адзін з айцоў-заснавальнікаў ЕС Рабэр Шуман, каталіцкія манахіні, забітыя савецкімі салдатамі ў Польшчы, і стваральнік марыйнага санктуарыя ў Германіі – новыя кандыдаты да хвалы алтара.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

19 чэрвеня 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і ўхваліў дэкрэты, якія тычацца прызнанні цуду, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў некаторых Слугаў Божых.

Палітык, які вымаліў мір у Еўропе

Адзін з дэкрэтаў тычыцца прызнання гераічнасці цнотаў Рабэра Шумана – выбітнага французскага дзяржаўнага дзеяча, католіка, які займаўся палітыкай як сапраўдным служэннем, будучы паслухмяным волі Бога і штодзённа чэрпаючы сілы з малітвы і Эўхарыстыі.

Шуман нарадзіўся ў 1886 г. у Люксембургу і рос на мяжы двух культур: французскай і нямецкай. Ад маці ён атрымаў прыклад глыбокай веры, любові да ружанцовай малітвы і чытання Бібліі. Вывучаў права ва ўніверсітэтах Бона, Мюнхена, Берліна і Страсбурга, а пасля атрымання дыплома адкрыў сваё адвакацкае бюро ў горадзе Мец, на мяжы Францыі і Германіі. Шуман быў актыўным каталіцкім дзеячам: кіраваў моладзевымі, культурнымі і дабрачыннымі дыяцэзіяльнымі арганізацыямі. Захапляўся вучэннем св. Тамаша Аквінскага, які стаў яго сапраўдным жыццёвым арыенцірам, шмат думаў пра святарскае пакліканне, але вырашыў цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям у прафесійнай дзейнасці і захаванні цялеснай чыстасці.

Пасля Першай сусветнай вайны Шуман быў абраны ў французскі парламент, дзе рупліва бараніў культурныя асаблівасці свайго рэгіёну і правы самых бедных і безабаронных. Быў першым французскім дэпутатам, якога арыштавала гестапа пасля акупацыі Францыі нацыстамі. У турме ён пачаў распрацоўваць праект будучага прымірэння паміж французскім і нямецкім народамі. У 1941 г. уцёк з няволі і далучыўся да руху Супраціву.

Пасля Другой сусветнай вайны Шуман быў адной з самых паважаных асобаў у Францыі і абіраўся на самыя высокія пасады ў дзяржаве: быў Прэм’ер-міністрам, Міністрам фінансаў, Міністрам замежных спраў. Палітык заклаў асновы для эканамічнага і грамадскага развіцця краіны.

У 1950 г. выступіў з Дэкларацыяй, прапануючы Францыі і Германіі аб’яднаць каменнавугальную, жалезарудную і металургічную прамысловасць, вельмі важную для ваеннай індустрыі, каб пазбегнуць вайны паміж гэтымі краінамі ў будучыні. Да праекту далучыліся Італія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Ён стаў асновай для будучай еўрапейскай інтэграцыі, таму Шуман, разам з тагачасным канцлерам Германіі Конрадам Адэнаўрам і Прэм’ер-міністрам Італіі Альчыда Дэ Гаспары, лічыцца айцом-заснавальнікам Еўрапейскага Саюза. Дачка Дэ Гаспары ўспамінала, што перад падпісаннем важных дакументаў Шуман і яе бацька разам маліліся на працягу ўсёй ночы. Той факт, што ў Еўропе так доўга пануе мір многімі лічыцца адным з цудаў Шумана.

У 1958 г. палітык быў адзінагалосна абраны першым старшынёй Еўрапейскага парламенту, але праз год моцна захварэў. Апошнія гады жыцця Шуман правёў у французскім мястэчку Сі-Шалез. Ён жыў у сціплым доме, ніколі не меў уласнага аўтамабіля, кожны дзень пачынаў з удзел у св. Імшы, малітвы і разважання над Святым Пісаннем. Памёр 4 верасня 1963 г. ва ўзросце 77 гадоў.

Дзесяць польскіх манахінь, забітых савецкімі салдатамі

Падчас аўдыенцыі для кардынала Марчэла Сэмерара Францішак ухваліў таксама дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва дзесяці манахінь з кангрэгацыі Сясцёр св. Альжбеты, забітых з нянавісці да веры савецкімі салдатамі ў Польшчы напрыканцы Другой сусветнай вайны. Гаворка ідзе пра с. Пасхаліну Ян і дзевяць яе паплечніц (Марыю Эдэльбургіс Кубіцку, Марыю Разарыю Шылінг, Марыю Адэлію Шрам, Марыю Сабіну Цінэль, Марыю Сапіенцыю Хэйман, Марыю Адэльхайдзіс Топфер, Марыю Мелузію Рыбку, Марыю Акуціну Голдберг і Марыю Феліцытас Эльмер). Усе яны былі жорстка забіты ў розных месцах у перыяд з лютага па май 1945 г. салдатамі Чырвонай арміі. Марыя Разарыя Шылінг перад смерцю была згвалтавана.

Заснавальнік марыйнага санктуарыя ў Германіі

Францішак ухваліў дэкрэт аб прызнанні цуда, здзейсненага праз заступніцтва нямецкага езуіта, кс. Філіпа Янінгена (1642-1704), які здолеў ператвыраць невялікую капліцу на пагорку Шонэнберг у княстве Вюртэнберг у славуты марыйны санктуарый, у які прыбываюць шматлікія пілігрымы.

Прыклад гераічнасці цнотаў

Папа ўхваліў таксама дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў італьянскага святара, кс. Сэверына Фабрыяні (1792-1857), заснавальніка кангрэгацыі Дачок Божага Провіду для глуханямых; польскай манахіні, с. Анны Ружы Гандэцкай (1861-1937), заснавальніцы кангрэгацыі Малых Дачок Беззаганнага Сэрца Марыі; італьянскай манахіні, с. Арсулы Данаці (1849-1935) з кангрэгацыі Меншых Сясцёр Маці Божай Балеснай; а таксама іспанскай манахіні с. Марыі Стэлы ад Езуса (1899-1982) з кангрэгацыі Законніц Марыі Беззаганна Зачатай.
 

19 чэрвеня 2021, 13:22