Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: лета – час для сузірання Бога ў шэдэўры стварэння

Малітва з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю чалавека і дапамагае знаходзіцца ў блізкасці з Богам, а летні перыяд можа быць нагодай для сузірання Яго ў шэдэўры стварэння, - перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Вітаючы вернікаў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 16 чэрвеня 2021 г. прайшла ў Панадворку св. Дамаса ў Ватыкане, Францішак нагадаў пра заклік св. Паўла да няспыннай малітвы: “Няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце” (1 Тэс 5,17-18).

“Малітва – гэта жыццёвая неабходнасць, бо з’яўляецца дыханнем душы. Усё ў жыцці – плён малітвы. Якой з’яўляецца малітва, такім з’яўляецца і жыццё: стан нашай душы і нашыя ўчынкі. Няхай асабістая і шчырая размова з Хрыстом дапаможа вам заўсёды знаходзіцца ў блізкасці з Панам, знаходзіць адказы на ўсе вашы пытанні і праблемы, якія вас непакояць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць заступніцкай малітвы, дзякуючы якой магчыма клапаціцца пра людзей, якія жывуць у нястачы, самотнасці ці перажываюць хваробу. “Малітва не аддаляе і не ізалюе нас ад нікога, бо з’яўляецца выразам любові да ўсіх”, - дадаў ён.

Францішак спаслаўся таксама на пачатак перыяду адпачынкаў, заклікаючы плённа скарыстацца гэтым часам. “Жадаю, каб летні перыяд мог стаць часам супакою і цудоўнай магчымасцю для сузірання Бога ў шэдэўры Яго стварэння”, - пажадаў на развітанне з вернікамі Пантыфік.
 

16 чэрвеня 2021, 12:05