Святы Айцец: любоў – не ідэалістычная філасофія, а канкрэтыка
Аляксандр Панчанка – Vatican News
9 чэрвеня 2021 г. Францішак скіраваў відэапасланне да прадстаўнікоў розных канфесій, якія сабраліся на духоўныя практыкаванні ў каталіцкай духоўнай семінарыі св. Юзафа ў Нью-Ёрку. Ён прызнаўся, што быў вельмі ўражаны словамі з кнігі Дзеяў Апосталаў, якімі людзі апісвалі першую хрысціянскую супольнасць: “Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго”.
Пантыфік падкрэсліў, што “незалежна ад паходжання, нацыянальнасці, колеру скуры мы ўсе з’яўляемся дзецьмі аднаго Айца”. Гэта неабходна прызнаваць і казаць адзін аднаму.
“Любоў не патрабуе глыбокіх тэалагічных ведаў, якія, тым не менш, з’яўляюцца неабходнымі. Любоў – гэта жыццёвая сустрэча, у першую чаргу з Езусам, з Асобай Езуса, і з гэтай сустрэчы любові нараджаецца сяброўства, братэрства і ўпэўненасць у тым, што мы ўсе дзеці аднаго Айца. Жыццё, якім дзелімся і якое прысвячаем высокай мэце, можа змяніць свет. Усё пачынаецца адсюль, з братэрскай сустрэчы. Любоў можа змяніць свет, але спачатку змяняе нас саміх”, - сказаў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што “вельмі часта мы блытаем любоў з пэўнага роду платанічнай філасофіяй, ідэалістычнай”. “Любоў жа – канкрэтная, любоў дае жыццё іншым людзям, як Езус даў яго нам”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што навучыць любові магчыма, жывучы ёй.