Пошук

Лагатып папскага візіту ў Славакію Лагатып папскага візіту ў Славакію 

Францішак у Славакіі: з Марыяй і Юзафам на шляху да Езуса

Падарожжа Пантыфіка ў Славакію адбудзецца пад дэвізам: "З Марыяй і Юзафам на шляху да Езуса". 21 ліпеня 2021 г. у Ватыкане былі агучаны падрабязнасці, звязаныя з падзеяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Дзева Марыя, Маці Божая, любіла Езуса Хрыста ўсім сэрцам і заўсёды была побач з Ім, незалежна ад небяспекі і болю. Славацкія вернікі глыбока шануюць Маці смутку і звяртаюцца да яе на працягу стагоддзяў. Папа Францішак у Апостальскім лісце Patris Corde звярнуў увагу на бацькоўскае сэрца св. Юзафа, прыклад якога прапануе нам звярнуцца да Езуса і шукаць Яго ў паўсядзённым жыцці. Святая Сям'я заахвочвае нас ісці шляхам да Езуса”, - гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Дэвіз выражае спадзяванне на тое, што візіт Папы ў Славакію ўмацуе веру і адновіць жаданне ісці за Езусам, Які "не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць" (Мц 20 , 28), - заўважылі арганізатары.

На лагатыпе візіту змешчана дарога да крыжа, які знаходзіцца ў самым сэрцы, што з'яўляецца сімвалам любові да Езуса, св. Юзафа і Найсвяцейшай Панны Марыі, Нябеснай заступніцы Славакіі. Блакітны крыж увянчаны арэолам жоўтай стужкі і сямю чырвонымі шасціграннымі зоркамі, што паказваюць на адзін з тытулаў, якім мясцовыя жыхары ўшаноўваюць Маці Божую: "Багародзіца сямі смуткаў". Колеры спасылаюцца на сцягі Ватыкана і Славакіі.
 

21 ліпеня 2021, 13:29