Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік увёў новыя нормы адносна цэлебрацыі старажытнай Імшы

Папа апублікаваў motu proprio, якім перагледзеў парадак выкарыстання перадсаборнага імшала. Цяпер большыя паўнамоцтвы ў гэтым пытанні будуць мець пастыры дыяцэзій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак, параіўшыся з біскупамі, вырашыў змяніць правілы выкарыстання імшала 1962 г., уведзеныя чатырнаццаць гадоў таму Бэнэдыктам XVI. Пантыфік апублікаваў 16 ліпеня 2021 г. motu proprio Traditionis custodes, прысвечаны цэлебрацыі рымскай перадсаборнай літургіі, і суправадзіў яго лістом, у якім патлумачыў прычыны свайго рашэння.

Адказнасць за рэгуляванне цэлебрацыі паводле перадсаборнага абраду вяртаецца да біскупа, мадэратара дыяцэзіяльнага літургічнага жыцця: "яго выключная кампетэнцыя дазволіць выкарыстоўваць Missale Romanum 1962 г. у дыяцэзіі згодна з рэкамендацыямі Апостальскай Сталіцы". Біскупу давядзецца пераканацца, што групы, якія ўжо цэлебруюць паводле старажытнага імшала, "не выключаюць сапраўднасці і законнасці літургічнай рэформы, прадыктаванай Другім Ватыканскім Саборам і Настаўніцтвам Вярхоўных Пантыфікаў".

Імшы ў старажытным абрадзе больш не будуць праводзіцца ў парафіяльных храмах, біскуп вызначыць касцёл і дні цэлебрацыі. Чытанні павінны гучаць "на народнай мове", выкарыстоўваючы пераклады, зацверджаныя Канферэнцыямі Біскупаў. Весці Імшу будзе святар, якога дэлегуе пастыр дыяцэзіі. Апошні таксама адказвае за тое, каб цэлебрацыя здзяйснялася ў адпаведнасці са старажытным імшалам, і мела "плённую карыснасць для духоўнага росту". Неабходна, каб адказны святар меў у аснове сваёй працы не толькі годную цэлебрацыю літургіі, але і душпастырскую і духоўную апеку над вернікамі. Таксама біскуп "паклапоціцца пра тое, каб не даваць дазволу на стварэнне новых груп".

Святары, якія атрымалі пасвячэнне пасля публікацыі сённяшняга motu proprio і маюць намер служыць з выкарыстаннем перадсаборнага імшалу, "павінны падаць афіцыйную просьбу дыяцэзіяльнаму біскупу, які перад удзяленнем дазволу пракансультуецца з Апостальскай Сталіцай". Тыя, хто ўжо гэта робіць, павінны звярнуцца да дыяцэзіяльнага біскупа за далейшым дазволам. Манаскія інстытуты, "створаныя ў свой час Папскай камісіяй Ecclesia Dei", падпадаюць пад кампетэнцыю Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Гэта дыкастэрыя, а таксама Кангрэгацыя Божага культу будуць сачыць за захаваннем новых нормаў.

У суправаджальным лісце да дакумента Францішак тлумачыць, што саступкі, устаноўленыя папярэднікамі для выкарыстання старажытнага імшала, былі ў асноўным абумоўлены "імкненнем спрыяць пераадоленню расколу з рухам на чале з арцыбіскупам Лефеўрам". Папа нагадаў, што рашэнне Бэнэдыкта XVI з motu proprio Summorum Pontificum было падмацавана перакананасцю, што выкарыстанне перадсаборнай літургіі не можа ставіць пад сумнеў рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору. Паводле яго, "дзве формы выкарыстання рымскага абраду маглі ўзбагаціць адна адну".

Але апытанне, праведзенае нядаўна Кангрэгацыяй Веравучэння сярод біскупаў, паказала на сітуацыю, якая ўсхвалявала і занепакоіла Францішка, як прызнаўся ён сам, і таму прывяла да “неабходнасці ўмяшання". Гаворка ідзе пра: "павелічэнне дыстанцыі, узмацненне рознагалосся, стварэнне кантрастаў, якія шкодзяць Касцёлу і перашкаджаюць яго развіццю, падвяргаючы рызыцы падзелаў".

Папа засмучаны злоўжываннямі ў літургічных цэлебрацыях "з абодвух бакоў", але таксама "інструментальным выкарыстаннем Missale Romanum 1962 г., што ўсё часцей характарызуецца нарастаючым непрыманнем літургічнай рэформы", праведзенай Другім Ватыканскім Саборам, з неабгрунтаваным сцвярджэннем, што ён здрадзіў Традыцыі і "сапраўднаму Касцёлу". Сумнявацца ў Саборы, патлумачыў Францішак, "азначае сумнявацца ў саміх намерах Айцоў, якія ўрачыста ажыццяўлялі сваю калегіяльную ўладу cum Petro et sub Petro на экуменічным саборы, і, у рэшце рэшт, сумнявацца ў самім Святым Духу, Які кіруе Касцёлам".

Нарэшце, Папа назваў апошнюю прычыну свайго рашэння: “у словах і адносінах многіх людзей усё часцей выяўляецца цесная ўзаемасувязь паміж выбарам цэлебрацыі ў адпаведнасці з літургічнымі кнігамі, якія папярэднічалі Другому Ватыканскаму Сабору, і непрыманнем Касцёла і яго інстытутаў у імя таго, што яны лічаць "сапраўдным Касцёлам”. Гэта паводзіны, якія супярэчаць камуніі, падсілкоўваюць імкненне да падзелу... супраць якога цвёрда выступаў апостал Павел”. Сваё рашэнне аб скасаванні магчымасці, дадзенай папярэднікамі, Францішак тлумачыць “абаронай адзінства Цела Хрыстовага”.
 

16 ліпеня 2021, 12:13