Пантыфік падчас малітвы за Ліван: мір немагчымы без справядлівасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Мы пастыры, падтрыманыя малітвай Божага народу, у гэтай змрочнай сітуацыі імкнуліся разам зарыентавацца ў Божым святле. І ў Яго святле мы ўбачылі ў першую чаргу нашу цмянасць: памылкі, здзейсненыя, калі мы не сведчылі Евангелле з паслядоўнасцю і да канца, згубленыя магчымасці на шляху да братэрства, прымірэння і поўнай еднасці. Мы просім прабачэння за гэта і са скрушаным сэрцам кажам: “Змілуйся, Пане!”, - адзначыў Папа 1 ліпеня 2021 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.
Пантыфік спаслаўся на словы евангельскай жанчыны з рэгіёну Тыра і Сідона, якая прасіла Езуса: “Пане, памажы мне!” (Мц 15,25). Сёння яны становяцца крыкам цэлага ліванскага народу, расчараванага і змучанага, які патрабуе упэўненасці, надзеі і міру, таму трэба маліцца за Ліван і не пакідаць без дапамогі гэту краіну, якая з’яўляецца “паўсюдным пасланнем міру і братэрства, што паходзіць з Блізкага Усходу”, - сказаў Папа.
“Хопіць выкарыстоўваць Ліван і Блізкі Усход дзеля чужой выгады і інтарэсаў! Неабходна даць ліванцам магчымасць быць галоўнымі дзеючымі асобамі лепшай будучыні на іх зямлі і без непатрэбнага ўмяшання”, - дадаў ён.
Пантыфік заклікаў жыхароў Лівана не апускаць рукі і знайсці ў каранях сваёй гісторыі надзею на тое, каб краіна расквітнела ізноў. Звяртаючыся да палітычных лідараў Святы Айцец адзначыў неабходнасць пошуку неадкладных і трывалых рашэнняў эканамічнага, грамадскага і палітычнага крызісу, памятаючы, што міра не бывае без справядлівасці. Пантыфік заклікаў ліванскую дыяспару прыкласці найлепшыя сілы і рэсурсы на карысць Айчыны. У сваю чаргу міжнародную супольнасць Папа папрасіў не дапусціць краху краіны і дапамагчы ёй устаць на ногі, што пойдзе на карысць усім.
Святы Айцец заўважыў, што хрысціяне пакліканы быць сейбітамі міру і будаўнікамі братэрства, не жыць мінулымі крыўдамі, не ўцякаць ад адказнасці за сучаснасць, але ўмацоўваць позірк надзеі на будучыню.
“Мы верым, што Бог указвае толькі адну дарогу на нашым шляху – дарогу міра. Таму запэўнім братоў і сясцёр мусульманскага веравызнання і іншых рэлігій у гатоўнасці супрацоўнічаць дзеля будавання братэрства і спрыяння міру”, - сказаў ён, заклікаючы памятаць пра спадзяванні дзяцей і моладзі і давяраючы Ліван апецы Маці Божай.