Пошук

Ватыканская базыліка. Падчас Імшы ў Першы сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых Ватыканская базыліка. Падчас Імшы ў Першы сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых  

Папа ў Дзень пажылых: паміж маладымі і старымі патрэбен запавет

Сёння неабходны новы запавет паміж моладдзю і пажылымі людзьмі, каб дзяліцца агульным скарбам жыцця, - звярнуў увагу Папа 25 ліпеня 2021 г. у гаміліі, падрыхтаванай да Першага дня дзядуль, бабуль і пажылых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак аднаўляецца пасля нядаўняй аперацыі, таму ўрачыстую Імшу ў базыліцы св. Пятра ўзначаліў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. Менавіта ён прачытаў папскую гамілію.

Святы Айцец прааналізаваў евангельскі фрагмент аб размнажэнні хлябоў і рыб. Ён звярнуў увагу на тое, што Збаўца "можа зразумець патрэбы кожнага чалавека", у Яго вачах "існуе не ананімны натоўп, а кожны чалавек з яго голадам". Гэта "сузіральны погляд, які можа спыніцца перад жыццём іншага чалавека і прачытаць яго". Гэта падыход пажылых людзей. Пасля жыцця, поўнага ахвяр, яны не засталіся абыякавымі да іншых. “Мы ўсе былі на каленях нашых бабуль і дзядуль; яны трымалі нас на руках. Таксама дзякуючы і гэтай любові мы сталі дарослымі”, - звярнуў увагу Пантыфік, дадаўшы, што цяпер яны маюць патрэбу ў нашай увазе, пяшчоце і прысутнасці.

“Я пакутую, бачачы грамадства, якое імчыцца, занятае і абыякавае, паглынутае вялікай колькасцю спраў, і не можа спыніцца для аднаго погляду, прывітання, выразу пяшчоты. Я баюся грамадства, у якім мы ўсе – ананімны натоўп, дзе мы больш не можам падняць вочы і пазнаць адно аднаго”

, - прызнаўся Папа.

Ён адзначыў, што Езус змог пракарміць пяць тысяч дарослых "дзякуючы дару маленькага хлопчыка". “Сёння неабходны новы запавет паміж маладымі і пажылымі людзьмі, каб дзяліцца агульным скарбам жыцця, марыць разам, пераадольваць канфлікты паміж пакаленнямі, рыхтаваць будучыню для кожнага. Без гэтага саюза жыцця, мар і будучыні нам пагражае голад, паколькі павялічваецца колькасць разарваных сувязяў, адзіноты, эгаізму і дэзінтэгруючых сіл”, - падкрэсліў Францішак.

Спасылаючыся на тое, што пасля кармлення людзей Езус загадаў сабраць “кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася”, Францішак заўважыў, што на стале нашага жыцця таксама застаюцца “кавалкі хлеба”, якія яшчэ могуць сілкаваць нас страчаным пахам, "пахам памяці": "бабулі і дзядулі, пажылыя людзі – гэта хлеб, які сілкуе наша жыццё".

У заключэнне Святы Айцец заклікаў быць саюзнікамі пажылых. “Давайце навучымся спыняцца, распазнаваць іх, слухаць. Давайце ніколі не адмаўляцца ад іх. Давайце ахоўваць іх у любові. І давайце навучымся дзяліцца з імі часам”, - звярнуўся Францішак у Першы сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых.
 

25 ліпеня 2021, 12:19