Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік скіраваў пасланне да Сіра-Малабарскай Царквы

Францішак скіраваў ліст да біскупаў, духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Сіра-Малабарскай Царквы з нагоды зацвярджэння ёй уніфікаванага парадку цэлебрацыі эўхарыстычнай літургіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік нагадаў пра тое, што Апостальская Сталіца падтрымала адзінадушнае рашэнне Сінода Епіскапаў Сіра-Малабарскай Царквы, прынятае ў 1999 г. і пацверджанае ў наступныя гады, адносна ўніфікацыі парадку служэння Эўхарыстыі, называючы гэта “важным крокам наперад, зробленым дзеля большай стабільнасці і касцёльнай еднасці”.

“Нягледзячы на некаторыя цяжкасці, якія патрабуюць няспыннага распазнання ў жыцці вашай жывой Царквы, зацверджаныя прадпісанні для эўхарыстачнай цэлебрацыі прынеслі шматлікія плёны, уключаючы евангелізацыю, у тым ліку ў месцах – асабліва ў місійных епархіях, – дзе ўся супольнасць мірна і ў духу малітвы прытрымлівалася іх, усведамляючы пастаянную згоду іерархіі ў якасці плёну Святога Духа”, - напісаў Папа.

Францішак заклікаў духавенства і вернікаў заставацца вытрывалымі ў “супольным пілігрымаванні” і пажадаў, у кантэксце зацвярджэння новага парадку цэлебрацыі Боскай Літургіі, каб Святы Дух спрыяў гармоніі, братэрству і еднасці паміж усімі членамі Сіра-Малабарскай Царквы падчас увядзення ў жыццё рашэння Сінода.

Сіра-Малабарская Царква з’яўляецца адной з Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. Яна распаўсюджана, галоўным чынам у Індыі і сярод індыйскай дыяспары па ўсім свеце. Паводле традыцыі, Царква была заснавана апосталам Тамашам, які каля 52 г. прапаведваў у Індыі і тут жа прыняў мучаніцкую смерць каля 72 г.
 

07 ліпеня 2021, 10:11