Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Агульная аўдыенцыя: Закон выхоўвае да свабоды Божых дзяцей

Апостал Павел вучыў таму, што “дзеці абяцання” не знаходзяцца “пад Законам”, але “пакліканы да адказнага ладу жыцця ў свабодзе Евангелля”, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Выхаваўчай ролі Закона Майсея, які рыхтуе да свабоды Божых дзяцей, прысвяціў сваю катэхезу Пантыфік, падчас агульнай аўдыенцыі, якая 18 жніўня 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Працягваючы разважаць над Пасланнем да Галатаў, Папа нагадаў, што св. Павел параўноўваў Закон Майсея з выхаваўцам, але гэты цудоўны вобраз, на яго думку, трэба разумець правільна.

“Здаецца, што Апостал прапануе хрысціянам падзяліць гісторыю збаўлення, а таксама яго асабістую гісторыю, на два перыяды: перад тым, як яны паверылі ў Езуса Хрыста, і пасля таго, як атрымалі веру. У цэнтры знаходзіцца падзея смерці і ўваскрасення Езуса, якую Павел абвяшчаў, каб абудзіць веру ў Божага Сына, крыніцу збаўлення (...). Такім чынам, пачынаючы ад веры ў Хрыста, ёсць “перад” і “пасля” ў адносінах і да самаго Закона (...). Папярэдняя гісторыя акрэсліваецца як быццё “пад Законам”; а наступная павінна перажывацца ў наследаванні Святога Духа”, - сцвердзіў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Пантыфік патлумачыў таксама, што выраз “пад Законам” мае негатыўную афарбоўку, адносіцца да нявольнікаў, бо калі жывём “пад Законам”, з’яўляемся “замкнёнымі” пад пэўнага роду “прэвентыўным наглядам”.

Францішак нагадаў, што ў антычнай школьная сістэме выхаваўцам называлі раба, абавязкам якога было суправаджэнне сына гаспадара да настаўніка і яго вяртанне дамоў. Выхаваўца павінен быў бараніць вучня ад небяспекаў і набыцця кепскіх паводзінаў. “Яго роля ў першую чаргу тычылася дысцыпліны. Калі юнак станавіўся дарослым, выхаваўца спыняў выкананне сваіх функцый”, - патлумачыў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Паводле Святога Айца, такую ролю ў гісторыі Ізраэля выконваў і Закон Майсея. “Тора – гэта значыць Закон – была актам велікадушнасці з боку Бога ў адносінах да Яго народа... Безумоўна, яна мела таксама абмежавальныя функцыі, але ў той жа час бараніла народ, выхоўвала яго, дысцыплінавала і падтрымлівала ў яго слабасці, асабліва перад абліччам язычніцтва”, - падкрэсліў Пантыфік.

Св. Павел быў перакананы ў тым, што Закон “безумоўна мае станоўчую функцыю, але абмежаваную ў часе”. “Нельга пашыраць яго трыванне неабмежавана, бо ён звязаны са сталеннем людзей і іх выбарам свабоды. Калі чалавек прыходзіць да веры, тады Закон вычэрпвае сваю прапедэўтычную вартасць і павінен саступіць месца іншаму аўтарытэту”, - дадаў ён.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Што гэта значыць? Ці значыць гэта, што тэрмін дзеяння Закону завяршыўся і мы можам сказаць: “Верым у Езуса Хрыста і робім усё, што хочам”? Не! Запаведзі працягваюць існаваць, але яны не апраўдваюць нас. Тое, што адпраўдвае – гэта Езус Хрыстус. Запаведзі павінны спаўняцца, але яны не даюць апраўданне. Нас апраўдвае бескарыслівасць Езуса Хрыста, сустрэча з Езусам Хрыстом. Заслуга веры – гэта прыняцце Езуса. Адзіная заслуга – адкрытасць сэрца. Што ж рабіць з запаведзямі? – Захоўваць іх, але ў якасці дапамогі ў сустрэчы з Езусам Хрыстом”, - параіў Францішак.

Паводле Святога Айца, вучэнне аб каштоўнасці Закона вельмі важнае і “заслугоўвае ўважлівага разгляду, каб не заблытацца і не рабіць памылковых крокаў”. “Будзе добра калі мы спытаемся ў саміх сябе: ці перажываем яшчэ перыяд калі патрабуем Закону, або ўжо добра ўсведамляем, што атрымалі ласку быцця Божымі дзецьмі, каб жыць у любові”, - параіў вернікам Францішак.

Запіс відэатрансляцыі з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
18 жніўня 2021, 11:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >