Пошук

Папа падчас прыватнай аўдыенцыі для Надзі Мурат Папа падчас прыватнай аўдыенцыі для Надзі Мурат 

Надзя Мурад пасля сустрэчы з Папам: абараніць жанчын Афганістана

26 жніўня 2021 г. Святы Айцец прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане Надзю Мурад, іракскую праваабаронцу езідскага паходжання, лаўрэатара Нобелеўскай прэміі і міру 2018 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Падчас крызісаў найбольш пакутуюць жанчыны. Калі вайна знікае з экранаў тэлевізараў і першых старонак газет яны застаюцца ў пекле. Мы не можам дапусціць, каб гэта адбылося ў Афганістане”, - напісала Мурад у Twitter пасля сустрэчы са Пантыфікам.

У 2014 г. Надзя Мурад стала ахвярай пераследу езідаў тэрарыстамі групоўкі Ісламская дзяржава. Яна апынулася ў сексуальным рабстве, спрабавала няўдала бегчы, за што падвяргалася катаванням. Некалькі разоў перапрадавалася. Змагла ўцячы толькі пасля трох месяцаў палону. У 2016 г. стала Паслом добрай волі ААН па абароне годнасці ахвяр гандлю людзьмі.

Пасля сустрэчы з Папам праваабаронца заклікала міжнародную супольнасць заняцца лёсам афганскіх жанчын. На яе думку, словы Францішка адносна Афганістана павінны стаць натхненнем для палітычных лідараў, асабліва ў сферы абароны жанчын, якія пакутуюць у розных частках свету.

“Увесь свет з’яўляецца сведкам таго, што адбылося з езідамі. Мы не маем ніякай дапамогі, таму наша вера ў Бога – моцная. Той факт, што сотні жанчын і дзяцей гэтай народнасці ўсё яшчэ застаюцца ў няволі пасля столькіх гадоў, сведчыць аб адсутнасці палітычнай волі для абароны правоў чалавека і бяспекі жанчын. Гэта паказвае, што сексуальнае насілле і рабства не ўспрымаюцца сур’ёзна міжнароднай супольнасцю. Аднак гэта не значыць, што мы павінны прымаць такі стан рэчаў”, - сказала праваабаронца ў інтэрв’ю Vatican News.

Дзённік Надзі Мурад пад назвай “Апошняя дзяўчына” стаў адной з прычын рашэння Святога Айца наведаць Ірак. Папа прызнаваўся, што некаторыя фрагменты кнігі палохалі яго, але таксама і натхнялі. Францішак сустракаўся з Мурад ужо тройчы. Іх папярэднія сустрэчы праходзілі ў 2017 і 2018 гг.
 

28 жніўня 2021, 10:31