Пантыфік: імкнуцца на перыферыі, поўныя самотнасці і смутку
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“У асяроддзі, пазначаным абыякавасцю, індывідуалізмам і эгаізмам, вы дапамагаеце зразумець, што каштоўнасці сапраўднага жыцця заключаюцца ў прыняцці адметнасцей, павазе да чалавечай годнасці, слуханні, увазе да іншага і служэнні самым бедным”, - заўважыў у тэксце прамовы Папа, якую ўручыў сваім гасцям.
Ён нагадаў, што “любоў да іншага чалавека з прычыны таго, кім ён ёсць, пабуджае нас шукаць таго, што найлепшае для яго жыцця. Толькі развіваючы гэты спосаб міжчалавечых адносінаў, мы зробім магчымым сацыяльнае сяброўства, якое нікога не выключае, і братэрства, якое адкрыта для ўсіх” (Fratelli tutti, 94), - дадаў Пантыфік.
Францішак заклікаў не апускаць рукі перад цяжкасцямі, захоўваючы ў сэрцы надзею і радасць, якая заражае, падкрэсліваючы, што “бедныя з’яўляюцца сапраўднымі евангелізатарамі”, пакліканымі дзяліцца бласлаўленнямі Пана і Яго Валадарства.
“Дарагія сябры, заклікаю вас заставацца моцнымі ў вашых перакананнях і вашай веры. Вы – аблічча любові Хрыста. Пашырайце вакол вас гэта полымя любові, якое сагравае халодныя і чэрствыя сэрцы. Не задавальняйцеся толькі сяброўскім жыццём і дзяленнем паміж членамі вашай асацыяцыі, але выходзьце за яе межы. Не бойцеся паставіць на любоў, падараваную і атрыманую бескарысліва. Ідзіце на перыферыі, часта поўныя самотнасці, смутку, унутраных ран і згубы смаку жыцця. Праз свае словы і жэсты намашчайце алеем суцяшэння і аздараўлення спакутаваныя сэрцы”, - заклікаў Святы Айцец, запэўніваючы сваіх гасцей у любові Пана.
Lazare – гэта французская асацыяцыя, якая прапануе бяздомным дах над галавой. У 6-10-асабовых кватэрах разам селяцца людзі, якія раней жылі на вуліцы, і маладыя актыўныя валанцёры. Сёлета ініцыятыва адзначае 10-годдзе сваёй дзейнасці. Невялікую групу прадстаўнікоў асацыяцыі Папа прымаў на аўдыенцыі 21 мая 2021 г.