Пантыфік: з моладдзю можам споўніць мару пра братэрскі свет
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“З дапамогай моладзі і яе наватарскага духа мы можам рэалізаваць мару пра свет, у якім хлеб, вада, лекі і праца будуць у дастатку і ў першую чаргу дасягнуць найбольш патрабуючых”, - напісаў Францішак у Твітэр.
Папа прымеркаваў сваё кароткае паведамленне да Міжнароднага дня моладзі, які адзначаецца 12 жніўня па ініцыятыве Генеральнай асамблеі ААН. Яго сёлетняя тэма: “Змяніць харчовыя сістэмы: моладзевае наватарства на карысць здароўя чалавецтва і планеты”.
Глабальных вынікаў немагчыма дасягнуць без укладу моладзі. Новыя пакаленні з’яўляюцца цэнтральным звяном у прасоўванні братэрскага развіцця, - падкрэсліла Валянціна Ратондзі, даследчыца з Оксфардскага ўніверсітэта і член арганізацыйнага камітэта форума Эканоміка Францішка, які прайшоў у лістападзе 2020 г. па ініцыятыве Папы, каб заахвоціць маладых прадпрымальнікаў і эканамістаў да ўдзелу ў пошуку новай глабальнай эканамічнай мадэлі.
Каментуючы тэму сёлетняга Міжнароднага дня Ратондзі зазначыла, што моладзь можа стаць “рухавіком перамен” у першую чаргу “змяняючы нашы харчовыя звычкі”. “Напрыклад адмаўляючыся ад пластыка і ўпакоўкі, патрабуючы дадатковых гарантыі адносна ланцужка вытворчасці прадуктаў харчавання”, - заўважыла даследчыца. Іншай сферай дзейнасці, на яе думку, можа стаць прасоўванне больш устойлівых спосабаў апрацоўкі зямлі.