Папа: бараніць годнасць чалавека ад тэхналагічных прагроз
Аляксандр Панчанка – Vatican News
27 жніўня 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі членаў International Catholic Legislators Network (Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў), якім выказаў падзяку за тое, што ад самага заснавання гэтай арганізацыі ў 2010 г., яны “суправаджалі, падтрымлівалі і прасоўвалі працу Святога Пасаду” у сваіх краінах і міжнароднай супольнасці ў цэлым.
Францішак звярнуў увагу на важную ролю заканадаўцаў у “крытычны перыяд гісторыі”, звязаны з пандэміяй каронавіруса, падкрэсліваючы, што ўжо было зарэгістравана больш за 200 мільёнаў выпадкаў захворванняў і каля 4 мільёнаў чалавек памерлі ад “гэтай жудаснай хваробы, якая выклікала таксама вялікі эканамічны і сацыяльны заняпад”.
Пантыфік заклікаў палітыкаў быць гатовымі служыць агульнаму дабру і супрацоўнічаць не толькі дзеля таго, каб перамагчы вірус ці вярнуцца да status quo, што папярэднічаў пандэміі, “але каб пераадолець сур’ёзныя з’явы, якія адкрыў і павялічыў крызіс: беднасць, сацыяльную няроўнасць, распаўсюджанае беспрацоўе і адсутнасць доступу да адукацыі”.
Святы Айцец заўважыў, што ў эпоху “патрасенняў і палітычнай палярызацыі”, парламентарыі і палітыкі ў цэлым “не заўсёды карыстаюцца вялікай павагай”. “І тым не менш, якое пакліканне можа быць вышэйшым за тое, каб служыць агульнаму дабру і даваць прыярытэт дабрабыту ўсіх, а не ўласнай выгадзе? Вашай мэтай заўсёды павінна быць гэта, бо добрая палітыка з’яўляецца неад’емнай для паўсюднага братэрства і грамадскага міру”, - сказаў ён.
У гэтай перспектыве Папа звярнуў увагу на важнасць скіравання тэхналогій на службу агульнаму дабру. Гаворка не ідзе пра тое, каб “запавольваць тэхналагічны прагрэс”, а бараніць чалавечую годнасць. Пантыфік заўважыў, што ўмяшанне заканадаўцаў неабходна для барацьбы з распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі, выкраданнем асабістых дадзеных людзей, нападамі на жыццёва важныя аб’екты інфраструктуры, такія як шпіталі, а таксама распаўсюджваннем фэйкаў у сацыяльных сетках.
“Уважлівая заканадаўчая дзейнасць можа і павінна кіраваць эвалюцыяй і ўжываннем тэхналогій дзеля агульнага дабра. Таму горача заахвочваю вас да сур’ёзнай і глыбокай маральнай рэфлексіі адносна рызык, звязаных з навуковым і тэхналагічных прагрэсам, каб заканадаўства і міжнародныя нормы, якія імі кіруюць, маглі засяродзіцца на прасоўванні інтэгральнага чалавечага развіцця і міру, а не прагрэсу ў якасці самамэты”, - дадаў ён.
“Мы ўсе пакліканы прасоўваць дух салідарнасці, пачынаючы ад патрэб самых слабых і няшчасных людзей. Тым не менш, каб аздаравіць свет, цяжка змучаны пандэміяй, і каб будаваць больш інклюзіўную і ўстойлівую будучыню, у якой тэхналогіі будуць служыць чалавечым патрэбам і не ізаляваць адно ад аднаго, патрэбны не толькі адказныя грамадзяне, але таксама лідары, падрыхтаваныя і натхнёныя прынцыпамі агульнага дабра”, - сцвердзіў Святы Айцец.