Папа да Касцёла ў Карэі: быць будаўнікамі міра і надзеі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Гэта радасная падзея дае нагоду для таго, каб узнесці нашу малітву да Бога Айца, які пажадаў падарыць нам у асобе св. Андрэя Кіма ўзорнага сведку гераічнай веры і нястомнага апостала евангелізацыі ў цяжкія часы, пазначаныя пераследам і пакутамі вашага народа”, - напісаў Францішак.
Пантыфік падкрэсліў, што св. Андрэй Кім Таэгон, разам са сваімі паплечнікамі, “з радаснай надзеяй паказваў, што дабро заўсёды пераважае, бо любоў Бога перамагае нянавісць”.
“Таксама і сёння, перад абліччам шматлікіх праяў зла, якія скажаюць прыгожы твар чалавека, створанага на вобраз і падабенства Бога, неабходна адкрыць нанова важнасць місіі кожнага ахрышчанага, які пакліканы быць паўсюль будаўніком міра і надзеі, гатовым, як Добры Самаранін, пахіліцца над ранамі тых, хто прагне любові, дапамогі ці проста братэрскага позірку”, - дадаў Святы Айцец.
Францішак падзякаваў усёй касцёльнай супольнасці Паўднёвай Карэі на шчодрую падтрымку кампаніі вакцынацыі ў бедных краінах, а таксама пажадаў, каб гэты прыклад натхняў на большую падтрымку самых апошніх.
“Дарагія сябры, як я пісаў у энцыкліцы Fratelli tutti, “будаванню грамадскага міру ў канкрэтнай краіне няма канца; хутчэй, гэта “заданне, якое не дазваляе адпачыць і вымагае ўдзелу кожнага”. Жадаю, каб усе, хто працуе на карысць прымірэння на Карэйскім паўвостраве працягвалі з абноўленым запалам быць добрымі будаўнікамі міру, заахвочваючы ўсіх да паважлівага і канструктыўнага дыялогу дзеля ўсё больш і больш светлай будучыні”, - падкрэсліў у пасланні Пантыфік.