Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі Кардынал Конрад Краеўскі 

Апостальскі элемазінарый удзячны ахвярадаўцам

Кардынал Конрад Краеўскі шчыра дзякуе ўсім дабрачынцам, якія пералічваюць як невялікія, так і вельмі буйныя сумы грошай на рахунак Папы, прызначаны на дапамогу бедным.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У інтэрв’ю Vatican News Апостальскі элемазінарый распавёў, што многія людзі завяшчаюць сваю маёмасць Святому Айцу, спадзеючыся на тое, што яна будзе выкарыстана з максімальнай выгодай для тых, хто знаходзіцца ў нястачы.

Кіраўнік дабрачыннай структуры Святога Пасаду прызнаўся, што летам ён звычайна “чысціць рахунак Папы” ад грошай прызначаных для бедных ва ўсім свеце. Ён нагадаў словы Францішка пра тое, што калі яго рахунак пусты, значыць ён служыць дабру і евангелізацыі.

Кардынал Краеўскі распавёў, што Апостальская Сталіца мае спецыяльныя каналы, дзякуючы якім можа эфектыўна і хутка дастаўляць дапамогу туды, дзе яна найбольш патрэбна ў актуальны момант. “Праз нунцыяў у розных краінах мы атрымліваем інфармацыю пра праблемы, звязаныя таксама з COVID-19, пра якія свет часта забывае. Гэта такія краіны як, напрыклад, Эквадор, Філіпіны, Будундзі ці Конга. Нядаўна мы атрымалі трывожную інфармацыю ад нунцыя ў Тунісе”, - сказаў іерарх.

Элемазінарый заўважыў, што дапамога аказваецца няспынна. “Учора Святы Айцец набыў на паўмільёна долараў апараты КТ для Мадагаскара, каб не толькі багатыя, але і бедныя, аб якіх клапоціцца бальніца пад кіраўніцтвам місіянераў, мелі доступ па камп’ютарнай тамаграфіі. Неўзабаве мы накіруем па паўмільёна еўра ў чатыры краіны, каб яны маглі пабудаваць дыспансеры ў самых бедных рэгіёнах, куды людзі змогуць прыходзіць не толькі для таго, каб атрымаць прышчэпку, але і неабходную дапамогу. Таксама мы адпраўляем вялікую колькасць лекаў дыпламатычнай поштай. Мы ў стане даставіць самыя патрэбныя лякарства амаль паўсюль на працягу двух-трох дзён. Напрыклад учора мы выслалі цэлы дыпламатычны пакет лекаў у Калумбію”, - распавёў кардынал Краеўскі.
 

13 жніўня 2021, 10:09