Агульная аўдыенцыя: не задавальняцца фармальнай рэлігійнасцю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Пасланню да Галатаў, звяртаючы ўвагу на небяспеку згубы свабоды ў Хрысце. Ён нагадаў, што апостал Павел выкарыстоўваў не вельмі лагодныя словы, калі папярэджваў хрысціян Галатыі пра тое, што па прычыне фармалізму рызыкуюць змарнаваць досвед атрыманай ласкі. У іншых яго пасланнях сустракаюцца такія звароты як “браты” ці “ўмілаваныя”, але тут такіх слоў няма. Павел называе іх проста “галатамі” і двойчы выкарыстоўвае слова “неразумныя”.
“Ён рабіў так не таму што яны не былі разумнымі людзьмі, але таму, што нават не ўсведамляючы гэтага, рызыкавалі згубіць веру ў Хрыста, якую прынялі з вялікім энтузіязмам. Яны былі неразумнымі, бо не ўсведамлялі небяспекі згубы каштоўнага скарбу, прыгажосці навізны Хрыста. Здзіўленне і смутак апостала былі відавочныя. Не без горычы ён правакаваў гэтых хрысціян узгадаць першае абвяшчэнне, якое ён здзейсніў між імі і праз якое даў ім магчымасць здабыць свабоду, дагэтуль неспадзяваную”, - сказаў Пантыфік.
Апостал задаваў галатам пытанні, каб узварушыць іх сумленні. Гаворка ідзе пра рытарычныя пытанні, “бо яны добра ведалі, што іх прыйсце да веры ў Хрыста было ласкай, атрыманай праз прапаведванне Евангелля”. Словы, пачутыя імі ад Паўла, былі засяроджаны на любові Бога, цалкам аб’яўленай у смерці і ўваскрасенні Езуса. Павел не мог знайсці больш пераканаўчых слоў, чым тыя, якія, магчыма, шмат разоў казаў падчас прапаведвання: “І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне” (Гал 2,20).
“Павел меў намер паставіць хрысціян у цяжкую сітуацыю, каб яны ўсвядомілі важнасць пытання і не паддаліся чарам галасоў сірэн, што прагнулі прывесці іх да рэлігійнасці, заснаванай выключна на скрупулёзным выкананні прадпісанняў”, - падкрэсліў Папа.
На думку Святога Айца, галаты цудоўна разумелі тое, на што спасылаўся апостал, бо, безумоўна, перажылі досвед дзейнасці Святога Духа ў супольнасці. На пачатку іх прыйсця да веры была Божая ініцыятыва, а не чалавечая. “Святы Дух быў галоўнай дзеючай асобай іх досведу; паставіць Яго зараз на другі план, каб даць прыярытэт уласным справам, было б неразумна”, - дадаў Пантыфік.
“Такім чынам св. Павел запрашае і нас паразважаць пра тое, як мы жывём верай. Ці застаецца любоў укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста ў цэнтры нашага штодзённага жыцця як крыніца збаўлення, або задавальняемся нейкай фармальнай рэлігійнасцю, каб трымаць у парадку сумленне? Ці прывязаны мы да каштоўнага скарбу, прыгажосці навізны Хрыста, або аддаем перавагу нечаму, што на момант прываблівае нас, а потым пакідае ўнутры пустату? Эфемернае часта стучыць у дзверы нашай штодзённасці, але з’яўляецца ўсяго толькі сумнай ілюзіяй, якая падштурхоўвае нас да ўпадання ў павярхоўнасць і перашкаджае распазнаваць тое, дзеля чаго жыць па-сапраўднаму варта”, - сцвердзіў Францішак.
Папа звярнуў увагу на актуальнасць Паслання да Галатаў у наш час і заклікаў вернікаў захоўваць моцнай перакананасць у тым, што “нават калі паддаемся спакусе аддаліцца, Бог працягвае адорваць сваімі дарамі”. Гэта тое, пра што апостал казаў галатам, нагадваючы, што Айцец “дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі” (3,5). “Бог ніколі не пакідае нас, але застаецца з намі са сваёй міласэрнай любоўю. Бог заўсёды побач з намі са сваёй дабрынёй. Ён такі, як айцец, што кожны дзень выходзіў на ганак, каб убачыць ці не вяртаецца яго сын: любоў Айца не ведае стомы. Будзем жа прасіць аб мудрасці, каб заўсёды асэнсоўваць гэта”, - сказаў, завяршаючы катэхезу Францішак.