Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: дапаможам Еўропе адшукаць маладое аблічча Хрыста

Папа ўзначаліў св. Імшу з нагоды распачацця 50-га пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE). Літургія прайшла 23 верасня 2021 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Сёння ў Еўропе мы, хрысціяне, маем спакусу камфортнага прабывання ў нашых структурах, нашых дамах і нашых касцёлах, у бяспецы, дадзенай традыцыяй, задавальняючыся пэўным кансэнсусам, у той час як храмы становяцца пустымі, а пра Езуса ўсё больш і больш забываюць”, - заўважыў у сваёй гаміліі Пантыфік.

Францішак заклікаў еўрапейскіх іерархаў паразважаць пра тое, “колькі людзей больш не адчувае голаду і прагі Бога”, не таму што яны з’яўляюцца дрэннымі, але таму, што няма тых, хто абудзіць у іх “апетыт” па веры і распаліць прагу, якая знаходзіцца ў сэрцы чалавека, і якую дыктатура спажывальніцтва спрабуе вынішчыць.

Папа нагадаў таксама, што галоўная прычына няшчасця чалавека – гэта недахоп любові, “бо толькі любоў насычае сэрца”. Ён заклікаў не засяроджвацца на розных пазіцыях Касцёла, дэбатах, планах і стратэгіях, каб не згубіць з поля зроку сапраўдную праграму – Евангелле, а таксама запал любові і руплівасць у бескарыслівасці.

“Шляхам выйсця з праблем і з закрытасці заўсёды з’яўляецца бескарыслівы дар. Іншага не існуе. Паразважаем пра гэта”, - заахвоціў біскупаў Пантыфік.

Францішак заклікаў перастаць задавальняцца бестурботнай сучаснасцю і пачаць працаваць на карысць будучыні, наследуючы прыклад айцоў-заснавальнікаў адзінай Еўропы, які актуальны і для Касцёла. “Каб зрабіць яго прыгожым і гасцінным, трэба разам глядзець у будучыню, не рэстаўраваць мінулае”, - сказаў Папа, заахвочваючы таксама будаваць на “фундаменце жывой традыцыі Касцёла, якая грунтуецца на тым, што самае важнае – на добрым прапаведванні, блізкасці і сведчанні”. У аснове адбудовы павінна быць “адараванне Бога і любоў да бліжняга, а не да ўласных асаблівых густаў”, - дадаў Пантыфік. 

“Касцёл павінен мець дзверы, адчыненыя для ўсіх, і ніхто не павінен мець спакусы засяроджвацца выключна на праверцы і замене замкоў”, - сказаў ён.

Францішак нагадаў, што вялікія еўрапейскія святыя не турбаваліся з прычыны цёмных часоў, варожасці і падзелаў, не гублялі час на крытыку і абвінавачванні, але жылі Евангеллем, не клапоцячыся пра ўласную значнасць і палітыку. “І такім чынам, дзякуючы лагоднай сіле любові Бога, сталі ўцелаўленнем Яго стылю блізкасці, спагады і пяшчотнасці, і адбудоўвалі кляштары, рабілі больш прыгожай зямлю, вярталі душу людзям і краінам: не мелі ніякай сацыяльнай праграмы, толькі Евангелле”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы пастыраў быць будаўнікамі адзінства на ўсіх узроўнях.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец заклікаў па прыкладзе шматлікіх святых уласным жыццём даваць евангельскае сведчанне, каб людзі маглі ўбачыць Добрага пастыра, які любіць кожную сваю авечку, ведае яе па імені і спрабуе ўзняць на свае плечы.

“Дапаможам сучаснай Еўропе, хворай на стомленасць, адшукаць заўсёды маладое аблічча Езуса і Яго Нявесты. Мы не можам не прысвяціць усе нашы сілы таму, каб стала бачнай гэтая неўвядальная прыгажосць”, - завяршыў гамілію Францішак.

Відэа са св. Імшы на адкрыццё 50-га пасяджэння РБКЕ
23 верасня 2021, 18:00