Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік падтрымаў экалагічныя намаганні моладзі

Папа лічыць, што патрэбны “шырокі адукацыйны саюз” для фарміравання пакалення, здольнага пераадолець фрагментацыю і аднавіць структуру адносін, каб такім чынам рэалізаваць братэрства паміж людзьмі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў семінара Youth 4 Climate, прысвечанага пашырэнню ўстойлівай адукацыі ў экалагічным кантэксце, які праходзіць у Мілане.

Дзякуючы маладым людзям за намаганні, Папа адзначыў, што яны ў кантэксце экалагічных ініцыятыў з’яўляюцца не толькі будучыняй, як часта называюць моладзь, але і сучаснасцю. Ён спаслаўся на Глабальны адукацыйны саюз, ініцыяваны ў 2019 г. У яго рамках існуе імкненне даць агульныя адказы на гістарычныя змены, якія перажывае чалавецтва і якія пандэмія зрабіла яшчэ больш відавочнымі.

“Тэхнічных і палітычных рашэнняў недастаткова, калі іх не падтрымаць адказнасцю кожнай асобы і адукацыйным працэсам, які спрыяе культурнай мадэлі развіцця і ўстойлівасці, арыентаванай на братэрства і саюз паміж людзьмі і навакольным асяроддзем”, - звярнуў увагу ў сваім відэа Пантыфік.

Францішак перакананы, што, “дзякуючы агульным ідэям і праектам, можна будзе знайсці рашэнні, якія дазволяць пераадолець энергетычную беднасць і паставіць агульнае дабро ў цэнтр нацыянальнай і міжнароднай палітыкі, спрыяючы ўстойлівай вытворчасці, кругавой эканоміцы, аб'яднанню адпаведных тэхналогій”.

На думку Папы, “прыйшоў час прымаць разумныя рашэнні” для рэалізацыі “культуры клопату, культуры адказнага абмену”.
 

30 верасня 2021, 09:15