Францішак сустрэўся з біскупамі-сябрамі Руху Факаляраў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак запрасіў сваіх гасцей задумацца над вызначэннем, якое Другі Ватыканскі Сабор даў Касцёлу: “сакрамэнт, знак і прылада ўнутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва” (Lumen gentium, 1). У разгар раз’яднання, прынесенага вайной, Дух Святы паклаў зерне братэрства ў маладое сэрца К'яры, зерне супольнасці, “якая стварае адзінства, не адмяняючы, а ўзмацняючы і гарманізуючы адрозненні”, - заўважыў Папа.
Пантыфік адзначыў існаванне своеасаблівай "роднасці" паміж гэтай харызмай і місіяй біскупа, пакліканага служыць народу Божаму і падтрымліваць яго “ў адзінстве веры, надзеі і міласэрнасці”. Папа і біскупы служаць не знешняму адзінству ці "аднастайнасці", а “таямніцы супольнасці, якой ёсць Касцёл у Хрысце і ў Духу Святым, Касцёл як жывое Цела, як народ, які вандруе па гісторыі і адначасова па-за межамі гісторыі”.
Божая "мара" – прымірыць і гарманізаваць усё і ўсіх у Хрысце, - звярнуў увагу Святы Айцец. “Сутыкнуўшыся з ценямі замкнёнага свету, дзе разбураны многія мары аб адзінстве, дзе адсутнічае праект для ўсіх, а глабалізацыя рухаецца без агульнага маршруту, дзе біч пандэміі рызыкуе разбурыць няроўнасці, Дух Святы заклікае нас “мець смеласць – parresìa – быць адным” (...), адважыцца на адзінства. Зыходзячы з усведамлення таго, што адзінства – гэта дар”, - падкрэсліў Францішак, спасылаючыся на сваю энцыкліку Fratelli tutti.
Папа запрасіў біскупаў згадаць “шматлікіх сведак нашага часу, пастыраў і свецкіх вернікаў, якія мелі “мужнасць адзінства”, заплаціўшы асабіста вельмі высокую цану. “Паколькі адзінства, якое даў і дае нам Езус Хрыстус, не аднастайнае, яно не ладзіцца любой цаной. Яно падпарадкоўваецца фундаментальнаму крытэрыю, які заключаецца ў павазе да чалавека, павазе да асобы іншага, асабліва беднага, малога, выключанага”, - адзначыў ён.
Францішак заклікаў іерархаў заўсёды заставацца адкрытымі, неабыякавымі і радаснымі, расці ў служэнні камуніі.