Францішак заклікаў не пазбаўляць мігрантаў надзеі
Давайце не будзем зачыняць дзверы надзеі перад мігрантамі, - звярнуўся Святы Айцец у Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, які адзначаецца 26 верасня 2021 г.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Мы павінны ісці разам, без забабонаў і без страху, разам з найбольш уразлівымі: мігрантамі, перамешчанымі бежанцамі, ахвярамі гандлю людзьмі і пакінутымі без дапамогі. Мы пакліканы будаваць свет, які будзе станавіцца ўсё больш і больш інклюзіўным”, - звярнуўся Францішак пасля малітвы Анёл Панскі.
Папа даслаў прывітанне ўсім, хто адзначае Дзень мігранта ў розных кутках свету. “Дзякуй усім за вашу шчодрую прыхільнасць. (...) Паглядзіце на гэтых людзей і ўбачыце ў іх позірку надзею, якую сёння мае кожны мігрант, надзею пачаць новае жыццё”, - сказаў Пантыфік, запрашаючы сабраных падысці да помніка мігрантам і бежанцам, размешчанага на плошчы св. Пятра.
26 верасня 2021, 13:12