Пошук

Папа падчас сустрэчы са славацкім духавенствам Папа падчас сустрэчы са славацкім духавенствам 

Францішак да духавенства: вучыць сталым адносінам з Богам

У першую чаргу мы патрабуем Касцёла, які пілігрымуе разам, якія праходзіць шляхамі жыцця з запаленай паходняй Евангелля, - сказаў Папа 13 верасня 2021 г. падчас сустрэчы са славацкім духавенствам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Звяртаючыся да біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў у катэдральным касцёле св. Марціна ў Браціславе Францішак нагадаў, што Касцёл павінен прыцягваць да Хрыста евангельскай радасцю, быць закваскай Божага Валадарства і супакою ў свеце. Ён пажадаў, каб Касцёл не марыў пра мірскую веліч і магутнасць, а быў пакорным, як Езус, які “стаў бедным, каб узбагаціць нас” і “аздаравіць нашу параненую чалавечнасць”.

Паводле Францішка, Касцёл не павінен аддаляцца ад рэчаіснасці людзей, а “жыць унутры” яе, клапаціцца не пра свае структуры і ўласны вобраз, а пра патрэбы і духоўныя чаканні народу.

Сярод гэтых чаканняў Папа ў першую чаргу ўзгадаў пра свабоду, без якой не можа быць сапраўднай чалавечнасці. За свабоду трэба змагацца пастаянна, яна патрабуе адказнасці і адкрытасці на новае. “У духоўным і касцёльным жыцці ёсць спакуса пошуку фальшывага супакою, які пакідае бестурботнымі, а не полымя Евангелля, якое непакоіць і перамяняе нас”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што без свабоды Касцёл можа стаць закамянелым і закрытым, патрабаваць сляпога падпарадкавання, што непрымальна для моладзі.

Святы Айцец заклікаў духавенства не баяцца “вучыць людзей сталым і свабодным адносінам з Богам”, бо Касцёл не “хоча панаваць над сумленнем людзей і займаць месца, а быць “фантанам” надзеі ў іх жыцці”. “Евангельскае пасланне вызваляе, а не прыгнятае. А Касцёл павінен быць знакам свабоды і гасціннасці!”, - дадаў Францішак.

Папа заклікаў духавенства да крэатыўнасці па прыкладзе святых Кірыла і Мятода, “якія вучаць нас таму, што евангелізацыя ніколі не з’яўляецца паўтарэннем мінулага”. “Радасць Евангелля – гэта заўсёды Хрыстус, але шляхі для таго, каб гэтая добрая вестка магла распаўсюджвацца ў часе і гісторыі – розныя”, - сказаў Папа, заклікаючы не баяцца цяжкасцей, бо і “апосталы славян” сустракалі на сваім шляху перашкоды і пераслед.

Святы Айцец адзначыў таксама патрэбу Касцёла ў адкрытасці на дыялог са светам і культурай. Трэба быць “супольнасцю, якая абвяшчаючы Евангелле любові, дапамагае прарасці адзінству, сяброўству, дыялогу паміж вернікамі, паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі і паміж народамі”, - заклікаў Папа.
 

13 верасня 2021, 11:36