Пошук

Францішак падчас інтэрв'ю для Радыё COPE Францішак падчас інтэрв'ю для Радыё COPE 

Інтэрв’ю з Пантыфікам: рэформы ідуць у правільным кірунку

Рэформа Рымскай курыі, прагрэс у празрыстасці ватыканскіх фінансаў і прадухіленне злоўжыванняў у Касцёле – гэта тры напрамкі, па якіх, паводле Францішка, варта інтэнсіўна працаваць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Думаю, што трэба яшчэ шмат зрабіць, але я нічога не прыдумваю. Проста прыслухоўваюся да таго, што было агучана ў свой час”, - прызнаўся Папа ў інтэрв’ю іспанскаму каталіцкаму радыё COPE. Ён падсумаваў восем гадоў свайго пантыфікату, нагадваючы, што яго праца заснавана на тым, што было ўзгоднена падчас сустрэч кардыналаў перад канклавам.

Гаворачы пра рэформу Рымскай курыі, Пантыфік запэўніў, што яна ідзе ў правільным кірунку. Гэтым летам ён павінен быў завяршыць праверку і падпісаць новую Апостальскую канстытуцыю Praedicate Evangelium. Але публікацыя зацягнулася з прычыны хваробы. Паводле яго, дакумент не будзе ўтрымліваць амаль нічога новага ў параўнанні з тым, што мы бачым цяпер. Наступіць аб’яднанне некаторых дыкастэрый, такіх як Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі і Папская рада па культуры, Папская рада па новай евангелізацыі ўвойдзе ў Кангрэгацыю евангелізацыі народаў...

Важным аспектам з'яўляецца барацьба з карупцыяй у ватыканскіх фінансах, якая ўключае ўмацаванне праваахоўных органаў і судовай сістэмы і іх незалежнасць.

Што тычыцца справы злоўжыванняў, Святы Айцец высока ацаніў намаганні кардынала Шона О'Мэлі і Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якую іерарх узначальвае, за іх мужнасць і працу ў барацьбе са злачынствамі. Ён заклікаў кіраўніцтва краін прыняць рашучыя меры супраць дзіцячай парнаграфіі, што з'яўляецца "сур'ёзнай і глабальнай праблемай".

Прагучала пытанне і пра Апостальскі ліст Traditionis custodes, які рэгулюе цэлебрацыю Імшы ў лацінскім абрадзе ў адпаведнасці з дасаборным парадкам. Дакумент выклікаў спрэчкі ў кансерватыўных колах. Папа звярнуў увагу на тое, што яго падпісанню папярэднічаў доўгі працэс. “Калі Бэнэдыкт XVI даў магчымасць служыць паводле Імшала Яна XXIII для тых, каму не падабалася цяперашняя літургія, для тых, хто меў пэўную настальгію, я гэта ўспрыняў як адзін з яго самых цудоўных і гуманных душпастырскіх жэстаў. Ён чалавек вытанчанай чалавечнасці", - прызнаўся Францішак. Праблемы, паводле яго, пачалі ўзнікаць тады, калі стала відавочна, што ў выніку імкненне душпастырскім чынам дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, прывяло да нараджэння ідэалогіі. Менавіта гэта прымусіла "рэагаваць выразнымі правіламі".

Падчас інтэрв'ю Пантыфік пракаментаваў свой майскі візіт у Дыкастэрыю па камунікацыі, падчас якога прагучалі словы, успрынятыя многімі як папрок. Святы Айцец патлумачыў, што яго рэакцыя была скарэй засцярогай, каб ватыканскія медыяменеджэры і журналісты не ўпалі ў функцыяналізм. "Думаю, што гэта Дыкастэрыя перспектыўная", - сказаў ён, звяртаючы ўвагу на тое, што ў яе самы вялікі бюджэт у параўнанні з іншымі ведамствамі Рымскай курыі. Адзначыўшы, што Дыкастэрыю ўзначальвае свецкі вернік, Папа выказаў надзею, што тое ж адбудзецца і ў іншых падраздзяленнях Святога Пасаду.

Гаворачы аб так званым Сінадальным шляху Касцёла ў Германіі, Францішак нагадаў пра свой ліст з чэрвеня 2019 г. Што тычыцца міграцыі, ён паўтарыў чатыры дзеясловы, на якіх павінна грунтавацца палітыка ў гэтай сферы: прымаць, абараняць, падтрымліваць, інтэграваць.

Святы Айцец таксама не пазбягаў адказаў на асабістыя пытанні, такія як сямейныя адносіны, любімая футбольная каманда... Ён прызнаўся, што сумуе па часе, калі ў Буэнас-Айрэсе мог хадзіць ад парафіі да парафіі. "Было б нядрэнна прайсціся па вуліцах, але мне трэба стрымлівацца, таму што я не змагу зрабіць нават дзесяці крокаў", - з жалем заўважыў ён.
 

02 верасня 2021, 11:13