Пошук

Кніга “Братэрства – знак часу. Сацыяльнае вучэнне папы Францішка” Кніга “Братэрства – знак часу. Сацыяльнае вучэнне папы Францішка” 

Папа: з хрысціянства нельга выкрасліць сацыяльнае вымярэнне

Братэрства патрабуе, каб таксама ў Касцёле мы адчувалі сябе братамі і выконвалі абавязкі як служэнне Евангеллю, будаванню Божага Валадарства і клопату пра супольны дом, - лічыць Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі кард. Майкла Чэрны і кс. Крысціяна Барона Братэрства – знак часу. Сацыяльнае вучэнне папы Францішка (Fraternità Segno dei Tempi. Il magistero sociale di Papa Francesco). 30 верасня 2021 г. выданне з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў.

Пантыфік нагадаў, што Бог споўніў задуму любові да чалавецтва, “устанавіўшы сваё панаванне над стварэннем і ўкладаючы ў людскую гісторыю зерне боскага жыцця, якое перамяняе гісторыю знутры”. “Вядома, што Божае Валадарства не павінна атаясамлівацца ці блытацца з нейкай зямной ці палітычнай рэалізацыяй; але таксама не павінна ўспрымацца як выключна ўнутраная, асабістая ці духоўная справа, або як абяцанне, што тычыцца іншага свету”, - нагадаў Папа.

“Кожны з нам можа паспрыяць спаўненню справы Божага Валадарства ў свеце, адкрываючы прастору збаўленню і вызваленню, сеючы надзею, перамагаючы смяротную логіку эгаізму евангельскім братэрствам, намагаючыся быць ласкавым і салідарным да бліжняга, асабліва да самых бедных”, - дадаў Францішак.

Паводле Папы, з хрысціянскай веры нельга выкрасліць сацыяльнае вымярэнне. “Бог-Любоў, які ў Езусе заклікае нас жыць запаведдзю братэрскай любові, праз любоў аздараўляе нашы міжасабовыя і грамадскія адносіны і заахвочвае быць будаўнікамі міру і братэрстваміж намі”, - напісаў Святы Айцец. “У такім сэнсе, клопат пра нашу Маці Зямлю і будаванне салідарнага грамадства, у якім “усе – браты”, не толькі не чужыя нашай веры, але з’яўляюцца яе канкрэтнай рэалізацыяй”, - дадаў ён.

Францішак выказаў падзяку аўтарам кнігі за імкненне паказаць глыбокую сувязь паміж актуальным каталіцкім сацыяльным вучэннем і сцвярджэннямі Другога Ватыканскага Сабора. “Братэрства, якое з’яўляецца адным з знакаў часу, паказаным Другім Ватыканскім Саборам, гэта тое, у чым мае вялікую патрэбу наш свет і наш супольны дом, дзе мы пакліканы жыць як браты і сёстры”, - сцвердзіў Папа.

Паводле Святога Айца, у цяперашні час ёсць патрэба не толькі ў “Касцёле ў сучасным свецке і ў дыялогу з ім”, але, у першую чаргу, “у Касцёле, які будзе служыць чалавеку праз клопат пра стварэнне, абвяшчэнне і спаўненне новага паўсюднага братэрства, у якім адносіны паміж людзьмі будуць аздароўлены ад эгаізму і насілля і будуць грунтавацца на ўзаемнай любові, прыняцці і салідарнасці”.
 

28 верасня 2021, 10:43