Пошук

Францішак падчас сустрэчы з еўрапейскімі катэхетамі Францішак падчас сустрэчы з еўрапейскімі катэхетамі 

Пантыфік заклікаў еўрапейскіх катэхетаў “чуць гісторыю людзей”

17 верасня 2021 г. Францішак сустрэўся з кіраўнікамі камісій па катэхізацыі еўрапейскіх біскупскіх канферэнцый. Ён заклікаў вынайсці новыя “мовы” і "алфавіты" для абвяшчэння Евангелля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на словы Езуса, скіраваныя да вучняў, з 26-га радзела Евангелля св. Мацвея: "Ідзіце ў горад" (Мц 26, 18). Гэты заклік, паводле Францішка, “прымушае нас паглядзець на шлях катэхізацыі як на момант, калі хрысціяне, што рыхтуюцца цэлебраваць вяршыню таямніцы веры, запрашаюцца спачатку "ў горад", сустракацца з людзьмі, занятымі штодзённымі абавязкамі”.

Катэхеза, звярнуў увагу Пантыфік, не з'яўляецца “абстрактнай перадачай тэарэтычных ведаў”, “гэта містагагічны досвед таго, хто вучыцца сустрэчы са сваімі братамі там, дзе яны жывуць і працуюць, бо сам сустрэў Хрыста, Які паклікаў яго стаць вучнем-місіянерам”. Сэрца катэхезы – гэта “ўваскрослы Езус Хрыстус, які любіць і ніколі не пакідае цябе!”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што нядаўна ўстанавіў паслугу катэхета. І зрабіў гэта, каб “хрысціянская супольнасць адчула неабходнасць абудзіць гэтае пакліканне”, каб некаторыя яе члены больш яскрава рэалізавалі запал перадаваць веру ў якасці евангелізатараў.

Францішак спаслаўся на святых Кірыла і Мятода, якія, дзякуючы сумеснай з Духам Святым творчасці, вынайшлі славянскі алфавіт для абвяшчэння Евангелля і інкультурацыі веры. Ён запрасіў сваіх гасцей дзейнічаць такім жа чынам: слухаць культуру і гісторыю людзей і народаў; слухаць не павярхоўна, маючы загадзя падрыхтаваныя адказы, але па-сапраўднаму, чуючы нават нявыказанае.

Папа пажадаў поспехаў усім катэхетам, якія ў гэтыя дні распачынаюць з дзецьмі і моладдзю новы навучальны год.
 

17 верасня 2021, 13:08