Пошук

Папа падчас сустрэчы са славацкім істэблішментам Папа падчас сустрэчы са славацкім істэблішментам 

Папа: гісторыя кліча Славакію быць пасланнем міру ў сэрцы Еўропы

Будаваць мір і братэрства, грунтуючыся на хрысціянскіх каранях, справядлівасці і салідарнасці, - заклікаў Святы Айцец прадстаўнікоў славацкага істэблішмента.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Славакія – гэта маладая краіна са старажытнай гісторыяй, якая 28 гадоў таму стала незалежнай дзяржавай без канфліктаў. Гісторыя кліча яе быць “пасланнем міру ў сэрцы Еўропы”, - адзначыў Пантыфік у звароце да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Славакіі. Сустрэча адбылася 13 верасня 2021 г. у садзе Прэзідэнцкага палацу ў Браціславе.

Францішак нагадаў пра важнае значэнне хрысціянства ў гісторыі Славакіі, выказваючы пажаданне на тое, каб яно дапамагла ўмацоўваць братэрскія пачуцці. Ён заклікаў наследаваць прыклад святых Кірыла і Мятода, якія шукалі еднасці паміж усімі: славянамі, грэкамі і лацінянамі, і вера якіх выражалася ў адкрытасці. “Гэта спадчына, якую вы пакліканы сабраць, каб быць таксама і ў наш час знакам адзінства”, - пажадаў Пантыфік.

Падчас сустрэчы са славацкім істэблішментам
Падчас сустрэчы са славацкім істэблішментам

Папа спаслаўся на славянскую традыцыю вітаць гасцей хлебам і соллю. Ён нагадаў, што Святое Пісанне заклікае не назапашваць хлеб, а дзяліцца ім з бліжнімі. Гэта заклік да таго, каб клапаціцца пра слабых, не дыскрымінаваць нікога, бачыць у іншых людзях братоў і сясцёр, будаваць справядлівасць і даваць кожнаму магчымасць для рэалізацыі і працы. У гэтым кантэксце Пантыфік адзначыў важнасць барацьбы з карупцыяй.

Гаворачы пра сімвалізм солі Францішак заўважыў, што яна надае водар ежы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што для міжчалавечага суіснавання не дастаткова толькі “арганізаваных і эфектыўных структур”, але патрэбны “водар салідарнасці” і такі важны “інгрыдыент” як клопат пра іншых. “Адчуванне адказнасці за кагосьці дае смак жыццю і дазваляе зразумець, што тое, што даём, насамрэч з’яўляецца дарам, які робім самі сабе”, - дадаў Святы Айцец.

Падчас сустрэчы са славацкім істэблішментам
Падчас сустрэчы са славацкім істэблішментам

Нагадваючы, што соль захоўвае прадукты ад сапсавання, Папа заклікаў славакаў бараніць свае лепшыя традыцыі ад сапсутасці “павярхоўнасцю спажывальніцтва і матэрыяльнага прыбытку”, а таксама ад “ідэалагічнай каланізацыі”. Ён параўнаў навязванне ўніфікаванага мыслення ў наш час, з тым што адбывалася ў часы камуністычнай дыктатуры, а таксама нагадаў пра шматлікіх славацкіх пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры, якія, нават будучы ў турмах, заставаліся свабоднымі ўнутры і давалі прыклад “адвагі, паслядоўнасці і супраціву несправядлівасці”, а ў першую чаргу прабачэння. “Гэта соль вашай зямлі”, - дадаў Пантыфік.

Напрыканцы прамовы Папа заклікаў пераадолець пандэмію, умацоўваючы “прыгажосць быцця разам”, што патрабуе цярплівасці і высілкаў, адвагі і дзялення, запалу і крэатыўнасці. “Але гэта чалавечая справа, якую благаслаўляе Неба”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

13 верасня 2021, 10:42