Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: крыж – крыніца збаўлення ва ўсе часы

Папа скіраваў прывітанне да ўдзельнікаў Міжнароднага тэалагічнага кангрэса, які пройдзе з 21 па 24 верасня 2021 г. у Папскім латэранскім універсітэце на тэму: “Мудрасць крыжа ў плюралістычным свеце”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Навуковая канферэнцыя пройдзе ў кантэксце 300-годдзя з дня заснавання кангрэгацыі Мукі Езуса Хрыста – манаскай супольнасці, ля вытокаў якой стаяў св. Павел ад Крыжа.

“Сузіраючы крыж мы бачым кожнае чалавечае вымярэнне ў абдымках міласэрнасці Бога”, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што дзякуючы крыжовай смерці Хрыста былі непарыўна злучаны “вертыкальныя адносіны з Богам і гарызантальныя адносіны з людзьмі”, а братэрства паміж канчаткова стала ўсеагульным.

“Велізарная збаўчая моц, якая зыходзіць са слабасці Крыжа”, указвае тэалогіі на важнасць злучэння “высокага палёту думкі з пакорай сэрца”, нагадаў Святы Айцец, выказваючы пажаданне, каб тэалагічныя даследаванні былі скіраваны да “найбольш уразлівай і канкрэтнай сітуацыі чалавека”.

“Крыж Пана – крыніца збаўлення для чалавецтва ў кожным месцы і ў кожны час і па гэтай прычыне ён актуальны і плённы таксама і асабліва ў такой сітуацыі, як сучасная, пазначанай хуткімі і складанымі зменамі. Таму вельмі своечасова, што Тэалагічны кангрэс прапануе пахіліцца над Sapientia Crucis у розных сферах, такіх як культурныя выклікі, прасоўванне гуманізму і міжрэлігійнага дыялогу, новыя сцэнары евангелізацыі”, - зазначыў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб кангрэс дапамог абноўленаму разуменню сучасных выклікаў у святле мудрасці крыжа і паспрыяў евангелізацыі, вернай стылю Бога і блізкай чалавеку.
 

21 верасня 2021, 11:10