Пантыфік распачаў візіт у Славакію з экуменічнай сустрэчы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пасля цырымоніі прывітання ў браціслаўскім аэрапорце і кароткай сустрэчы з Прэзідэнтам Славакіі Зузанай Чапутавай Францішак накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру, дзе сустрэўся з членамі Экуменічнай рады Славакіі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі адзінаццаці мясцовых рэлігійных супольнасцей, а каталіцкі епіскапат мае статус назіральніка.
У сваёй прамове Францішак нагадаў пра шматгадовыя атэістычныя ганненні ў перыяд панавання камуністычнага рэжыма, калі “рэлігійная свабода душылася або жорстка пераследавалася”. Пасля падзення жалезнай заслоны свабода вярнулася. “Цяпер вас аб’ядноўвае супольны шлях, на якім вы адкрываеце наколькі цудоўна, але таксама і складана жыць верай у свабодзе”, - дадаў ён.
Папа звярнуў увагу на небяспеку вяртання да яшчэ горшага рабства – унутранага. Ён спаслаўся на Легенду пра вялікага інквізітара з рамана Дастаеўскага Браты Карамазавы, у якой Езус вярнуўся на зямлю і быў абвінавачаны ў тым, што даў людзям зашмат свабоды. Хрыстус настойваў на важнасці свабоды, у той час як людзі прагнулі “хлеба і невялікай колькасці нечага іншага".
Паводле Францішка, такая небяспека ўзнікае калі сітуацыя нармалізуецца і людзі спыняюцца да дасягнутым, імкнуцца захаваць спакойнае жыццё. Папа заклікаў хрысціян не трапляць у такую пастку камфортнага рабства, а быць руплівымі ў прапаведванні і жыць евангельскай свабодай.
Пантыфік звярнуў увагу на актуальнасць прыкладу святых Кірыла і Мятода, заклікаў хрысціян быць з’яднанымі паміж сабой і працаваць над прымірэннем разнастайнасцей у Святым Духу. Ён адзначыў важнасць спалучэння малітоўнага сузірання, асабліва ўласцівага славянскім народам, і актыўнага дзеяння, у прыватнасці на карысць самых бедных. “Супольныя дабрачынныя ініцыятывы могуць адкрыць перад намі больш шырокія гарызонты і дапамагчы дасягнуць большага прагрэсу ў пераадоленні забабонаў і непаразуменняў”, - сказаў ён.
На заканчэнне сустрэчы Папа выказаў спадзяванне на тое, што ўсе хрысціяне аднойчы змогуць аб’яднацца за эўхарыстычным сталом Пана, а пакуль гэта немагчыма, будуць разам прымаць Езуса, служачы Яму ў бедных.