Пошук

Папа падчас Боскай літургіі ў Прэшаў Папа падчас Боскай літургіі ў Прэшаў 

Папа ў Славакіі: вера пашыраецца праз мудрасць крыжа і сведчанне

“Крыж быў прыладай смерці, але з яго прыйшло жыццё. Ён быў тым, на што не хацелі глядзець, але адкрыў нам прыгажосць Божай любові”, - нагадаў Папа 14 верасня 2021 г., у свята Узвышэння Святога Крыжа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Трэці дзень сваёй пілігрымкі ў Славакію Францішак распачаў візітам у горад Прэшаў, які знаходзіцца ва ўсходняй частцы краіны. На плошчы перад мясцовым Палацам спорту Пантыфік удзельнічаў у Боскай літургіі ў грэка-каталіцкім абрадзе, падчас якой нагадаў пра каштоўнасць хрысціянскага сведчання для пашырэння веры.

Хрысціяне заўсёды сустракаюцца з “вялікай спакусай” непрыняцця – калі толькі не на словах – Бога слабога і ўкрыжаванага. “Як часта мы марым пра хрысціянства пераможцаў, хрысціянства трыумфальнае, якое мае вагу і важнасць, якое атрымлівае хвалу і пашану. Але хрысціянства без крыжа з’яўляецца мірскім і становіцца бясплённым”, - папярэдзіў ён.

“Як жа можам навучыцца бачыць хвалу крыжа? Некаторыя святыя вучылі, што крыж – гэта нібыта кніга, якую трэба адкрыць і прачытаць, каб пазнаць. Не дастаткова набыць кнігу, праглядзець яе і паставіць на бачнае месца ў доме. Тое самае тычыцца крыжа: ён намаляваны ці выбіты ў кожным кутку нашых касцёлаў. Немагчыма палічыць усе крыжыкі: на шыі, дома, у машыне, у кішэні. Але яны непатрэбныя, калі мы не спынімся, каб скіраваць позірк на Укрыжаванага і адкрыць Яму сэрца, калі не дазволім Яму ўразіць нас Яго ранамі, адкрытымі для нас, калі сэрца не напоўніцца хваляваннем і не заплачам перад абліччам Бога, параненага з любові да нас. Калі не зробім так, крыж застанецца непрачытанай кнігай, прп якую ведаем назву і аўтара, але якая не ўплывае на жыццё. Не будзем зводзіць крыж да аб’екта ўшанавання, ці, тым больш, да палітычнага сімвала, да важнага рэлігійнага і сацыяльнай знака”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што наступным крокам пасля сузірання крыжа павінна стаць сведчанне. У сувязі з гэтым ён узгадаў пра шматлікіх славацкіх мучанікаў, якія сведчылі пра любоў Хрыста ў вельмі цяжкія часы, “калі ўсё навакол раіла маўчаць, схавацца, не вызнаваць веру”. “Але яны не маглі не сведчыць. Колькі шчодрых людзей пакутавалі і загінулі тут, у Славакіі, за імя Езуса! Гэта было сведчанне, здзейсненае з любові да Таго, каго яны так доўга сузіралі, што сталі падобнымі да Яго, таксама ў смерці”, - сцвердзіў Францішак.

Папа пажадаў, каб у сведчанні сучасных хрысціян крыж не ператварацца ў сцяг, які трэба ўзняць, але, каб быў “крыніцай новага ладу жыцця” ў духу Евангелля і благаслаўленняў.

“Сведка, які мае крыж у сэрцы, а не толькі на шыі, не бачыць у нікім ворага, але бачыць ва ўсіх братоў і сясцёр, за якіх Езус аддаў жыццё. Сведка крыжа не памятае мінулых крыўдаў і не наракае на сучаснасць. Сведка крыжа не карыстаецца падманам і мірской сілай: не хоча навязваць сябе і сваіх, але прагне аддаць сваё жыццё за іншых. Не шукае ўласнай карысці, каб потым паказваць сваю пабожнасць: гэта было б рэлігіяй двухаблічнасці, а не сведчаннем укрыжаванага Бога. Сведка крыжа мае толькі адну стратэгію, стратэгію Настаўніка, якой з’яўляецца пакорная любоў. Ён не шукае трыумфу на зямлі, бо ведае, што любоў Хрыста становіцца плённай у штодзённасці і абнаўляе ўсё знутры, як зерне, што падае ў зямлю, што памірае і прыносіць плод”, - сказаў Францішак.

Пантыфік заклікаў славацкіх вернікаў наследаваць прыклад сваіх сведкаў і людзей, якія перадалі ім веру. “Гэта яны з’яўляюцца нашымі героямі, героямі штодзённасці, і менавіта іх жыццё змяняе гісторыю. Сведкі ствараюць іншых сведкаў, бо з’яўляюцца даўцамі жыцця. Так пашыраецца вера: не сілай гэтага свету, але мудрасцю крыжа; не з дапамогай структур, але праз сведчанне”, - нагадаў Святы Айцец.
 

14 верасня 2021, 11:00