Францішак: стыль Бога – блізкасць, ласкавасць і спагада
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік спаслаўся на назву арганізацыі, падкрэсліўшы, што ў перакладзе з грэчаскай мовы слова “arché” азначае “пачатак”, “першапрычыну”. Ён заўважыў, што для хрысціян пачаткам усяго з’яўляецца любоў Бога.
“Усё, чым з’яўляецца жыццё, усё прыгожае, добрае і праўдзівае паходзіць ад Яго, ад Бога, які ёсць любоў, як з сэрца і ўлоння маці паходзіць чалавечае жыццё і як з сэрца і ўлоння Маці прыйшоў Езус – Любоў, якая ўцелавілася, стаўшы чалавекам”, - сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што згодна з такой логікай каштоўным з’яўляецца кожнае чалавечае жыццё, асабліва жыццё маці і дзяцей, якія сутыкнуліся з насіллем ці драматычным досведам, звязаным з міграцыяй.
“Вашы гасцінныя супольнасці – гэта ў першую чаргу знак надзеі для гэтых жанчын і дзяцей. Але яны з’яўляюцца знакам надзеі і для вас саміх, бо вы дзеліце дах над галавой разам з людзьмі ў патрэбе; гэта знак надзеі для валанцёраў, моладзі, маладых пар, якія ў гэтых супольнасцях служаць не толькі бедным, але і разам з імі”, - сказаў Францішак.
Папа заўважыў, што служэнне самым адрынутым безумоўна звязана з праблемамі, але ў той жа час яно азначае “радасць адкрыцця шляхоў да свабоды, адраджэння і годнасці”.
Францішак падзякаваў членам арганізацыі за шматгадовую працу і адкрыццё дабрачыннага цэнтра ў Рыме. “Няхай гэта будзе месца, пазначанае стылем Бога, гэта значыць блізкасцю, ласкавасцю і спагадай. Няхай гэта структура заўсёды будзе знаходзіцца на службе людзям, а не наадварот”, - дадаў Папа.