Пошук

Папа падчас сустрэчы з удзельніцамі капітула салезіянак Папа падчас сустрэчы з удзельніцамі капітула салезіянак 

Пантыфік да салезіянак: несці Хрыста праз служэнне і пяшчоту

21 кастрычніка 2021 г. Папа сустрэўся ў Рыме з удзельніцамі Генеральнага капітула кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, вядомых таксама як сёстры-салезіянкі св. Яна Боска.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак звярнуў увагу на драматычныя наступствы пандэміі, якая павялічыла беднасць і прывяла да гібелі многіх людзей. Ён заклікаў манахінь прысутнічаць у гэтым складаным кантэксце, будучы ўкаранёнымі ў Хрысце і не паддаючыся спакусе розных форм марнасці, у першую чаргу “марнасці духоўнай”, якая прадстаўляе сабой “найгоршае, што можа здарыцца ў Касцёле”, бо, пранікаючы ў манаскія супольнасці “займае месца” прапаведвання, веры і Святога Духа.

На думку Папы, духоўная марнасць пазбаўляе гарызонту, прыводзіць да ўнутраных канфліктаў, якія робяць людзей закрытымі, садзейнічае засяроджанасці на ўласным статусе манаскай асобы, пазбаўляючы сілы і ператвараючы з “жанчын, прысвечаных Богу”, у “выхаваных паненак”. Пантыфік заклікаў законніц быць цярплівымі адна да адной і не прывязвацца да рэчаў гэтага свету, а таксама папярэдзіў, што д’ябал можа пранікаць нават у манаскія супольнасці.

Падчас сустрэчы з удзельніцамі капітула салезіянак
Падчас сустрэчы з удзельніцамі капітула салезіянак

Яшчэ адна парада Святога Айца – захоўваць “крэатыўную вернасць харызмату”, які з’яўляецца “жывой рэчаіснасцю, а не бальзаміраванай рэліквіяй”. Ён заклікаў “супрацоўнічаць з творчасцю Святога Духа, пераасэнсоўваючы харызмат і дапамагаючы яму выражацца ў сваёй жыццядайнасці ў нашыя дні”.

Францішак звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва паміж рознымі манаскімі супольнасцямі, таму што разнастайнасць з’яўляецца “нагодай для таго, каб прыняць і слухаць, ацаніць адметнасці ў якасці багацця”. Так можна “канкрэтным чынам перажываць сінадальнасць”, будучы адкрытымі на “навізну і сюрпрызы” Святога Духа, лічыць ён.

Папа заклікаў манахінь умацоўваць адносіны паміж пакаленнямі ўнутры кангрэгацыі. Неабходна, каб маладыя законніцы клапаціліся пра пажылых, вучыліся ад іх мудрасці, а калі няма магчымасці жыць у адной супольнасці, маладыя павінны наведваць пажылых, бо яны з’яўляюцца “гістарычным скарбам”.

Францішак нагадаў манахіням пра актуальнасць прыкладу першых салезіянак, якія імкнуліся весці сваю евангелізацыйную дзейнасць не сярод прадстаўнікоў сярэдняга класу, а на перыферыях, і сваім запалам і святасцю прываблівалі шмат моладзі. Папа заклікаў законніц быць уважлівымі да рэчаіснасці, выкарыстоўваць сітуацыі, калі патрэбна іх дапамога, калі не хапае “віна”, што значыць радасці любові, і такім чынам несці Хрыста, але не на словах, а праз служэнне, блізкасць, спагаду і асабліва праз пяшчоту.

 

23 кастрычніка 2021, 09:39