Папа: нельга знявольваць у імя Езуса, які зрабіў нас свабоднымі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў, Пантыфік заўважыў, што ў ім св. Павел напісаў “неўміручыя словы аб хрысціянскай свабодзе”. Апостал не мог цяпліва адносіцца да таго, што галаты, пасля таго як пазналі і прынялі праўду Хрыста, “дазволілі прывабіць сябе падманлівымі прапановамі, перайшоўшы ад свабоды да рабства: ад прысутнасці Езуса, якая вызваляе, да няволі граху, легалізму і г.д.”, - дадаў Папа.
Францішак нагадаў, што апостал Павел заклікаў вернікаў трываць у свабодзе, атрыманай з хростам, каб не трапілі зноў пад “ярмо няволі”. Ён быў “раўнівым адносна свабоды” і разумеў, што некаторыя “фальшывыя браты” закраліся ў супольнасць для таго, каб парушыць свабоду, якую галаты мелі ў Езусе Хрысце.
На думку Папы, па гэтай прычыне св. Павел заклікаў галатаў трываць у Езусе, “крыніцы праўды, якая робіць свабоднымі”. “Такім чынам хрысціянская свабода грунтуецца да двух фундаментальных стаўпах: першы – ласка Пана Езуса; другі – праўда, якую адкрывае Хрыстус (...) і якой з’яўляецца Ён сам”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец патлумачыў, што свабода – гэта ў першую чаргу дар Пана, плён смерці і ўваскрасення Езуса, бо “самая сапраўдная свабода – свабода ад няволі граху, выплывае з Хрыстовага крыжа”. “Гэта не перастае здзіўляць нас: месца, дзе пазбаўляемся ўсялякай свабоды, гэта значыць смерць, можа стаць крыніцай свабоды. Вось таямніца любові Бога! (...) Езус споўніў сваю поўную свабоду аддаючы сябе на смерць, ведаючы, што толькі такім чынам можа здабыць жыццё для ўсіх”, - нагадаў Пантыфік.
Гэту таямніцу любові Бога св. Павел спазнаў на сябе, таму казаў галатам, што быў “укрыжаваны разам з Хрыстом” (Гал 2,19). “Ён ведаў, што ў гэтым акце найвышэйшай еднасці з Панам ён атрымаў самы вялікі дар у сваім жыцці: свабоду”, - сцвердзіў Папа, заклікаю вернікаў наследаваць прыклад апостала. “Хрысціянін з’яўляецца свабодным і павінен быць свабодным. Не будзем зноў станавіцца нявольнікамі прадпісанняў, дзіўных рэчаў”, - заахвоціў ён.
“Праўда робіць свабодным у той меры, у якой перамяняе жыццё чалавека і скіроўвае яго да дабра. Каб быць па-сапраўднаму свабодным трэба не толькі ведаць сябе на псіхалагічным узроўні, але ў першую чаргу ствараць праўду ў сабе на больш глыбокім узроўні, і тут, у сэрцы, адкрывацца на ласку Хрыста”, - параіў Пантыфік.
На думку Папы, “праўда павінна непакоіць нас”, павінна “пастаянна ставіць перад намі пытанні, каб маглі ўсё глыбей і глыбей разумець тое, кім з’яўляемся на самай справе”. “Шлях да праўды і свабоды – цяжкі і трывае ўсё жыццё”, але на ім “нас вядзе і падтрымлівае Любоў, што выплывае з крыжа: любоў, якая адкрывае нам праўду і дорыць свабоду. І гэта шлях шчасця. Праўда робіць нас свабоднымі, радаснымі і шчаслівымі”, - сказаў на завяршэнне катэхезы Францішак.