Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: наша сучаснасць вызначае, якой стане будучыня моладзі

Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Сусветнага харчовага форума, накіраванага на падтрымку дзеянняў моладзі ў сферы змены актуальных харчовых сістэм.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Міжнародная канферэнцыя праходзіць з 1 па 5 кастрычніка 2021 г. у сядзібе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO) у Рыме. Зварот Пантыфіка да ўдзельнікаў саміту зачытаў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўным Сакратар Яго Святасці.

Францішак нагадаў, што вельмі шмат маладых людзей ва ўсім свеце накіроўваюць сваю “крэатыўнасць і энергію на вырашэнне структурных праблем актуальнага харчовага крызісу – ад зацяжных узброеных канфліктаў да разбуральных наступстваў кліматычных змен”.

Пачуццё прыналежнасці да адной і той жа супольнасці і планеты моцна пераконвае іх у неабходнасці па-новаму дзейнічаць і вырашаць праблемы, з якімі сутыкаецца чалавецтва. “Іх дарам для нас з’яўляецца прадстаўленне інавацыйных спосабаў вырашэння старых праблем і адвага, патрэбная для таго, каб не абмежоўвацца недальнабачным позіркам, які не жадае змен”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што некалькі тыдняў таму сусветныя лідары сабраліся ў Нью-Ёрку на саміт ААН па харчовых сістэмах і абавязаліся разам распрацаваць меры, накіраваныя на выкараненне голаду ў свеце. “Іх словы – гэта абяцанне нашым братам і сёстрам, нашым сынам і дочкам, нашым унукам”, - падкрэсліў Папа.

“З гэтым перакананнем я прашу ўсіх маладых людзей, якія сабраліся на Сусветны харчовы форум, быць бясстрашнымі і рашучымі. Прашу вас заставацца адзінымі і цвёрдымі ў сваіх мэтах”, - напісаў Францішак, заклікаючы моладзь змагацца за лепшую будучыню і адрадзіць свет, скалыхнуты пандэміяй, што будзе магчыма, калі сеяць “салідарнасць, крэатыўнасць і высакароднасць духу”.

Пантыфік заклікаў не расчараваць новыя пакаленні, убачыць у іх вачах просьбу аб пераменах, натхняцца іх бачаннем свету, бо “наша сучаснасць вызначыць, якой будзе іх будучыня”. “Будзем памятаць пра наша рашэнне мець надзею перад абліччам адчаю і захоўваць адзінства у нашай місіі, каб ніхто не застаўся без сродкаў, неабходных для таго, каб весці годнае жыццё”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.

01 кастрычніка 2021, 15:30