Пантыфік: культура клопату пра супольны дом мае водар надзеі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ватыканскі саміт адбыўся 4 кастрычніка 2021 г. – ва ўспамін св. Францішка Асізскага – у Зале благаслаўленняў базылікі св. Пятра. Ён насіў міжрэлігійны і міжканфесійны характар і прайшоў пры ўдзеле Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І, Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі, Вялікага імама каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар шэйха Ахмада Аль-Таеба, прадстаўнікоў іншых Цэркваў і рэлігійных супольнасцей, палітыкаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў. Ініцыятарамі правядзення сустрэчы выступілі пасольствы Вялікабрытаніі і Італіі пры Святым Пасадзе.
Папа ўручыў прысутным навукі тэкст сваёй прамовы, у якой адзначыў важнасць позірку з перспектывы ўзаемазалежнасці – усведамлення таго, што ў свеце ўсё ўзаемазвязана. На думку Пантыфіка, важна распазнаваць знакі боскай гармоніі, прысутныя ў прыродным свеце, і разумець, што кожнае стварэнне Бог падарыў іншаму, каб “у адносінах любові і павагі яны маглі ўзрастаць і цалкам рэалізавацца”.
Францішак падкрэсліў, што прызнанне ўзаемазвязанасці “прадугледжвае не толькі ўсведамленне шкодных наступстваў нашых дзеянняў”, але таксама “вылучэнне паводзінаў і рашэнняў, якія павінны прымацца з позіркам, адкрытым на ўзаемазалежнасць і дзяленне”.
“Нельга дзейнічаць у адзіночку, фундаментальнымі з’яўляюцца высілкі кожнага на карысць клопату пра іншых і асяроддзе, высілкі, якія прывядуць да змены кірунку, вельмі неабходнай, і якія павінны ўмацоўвацца таксама ўласнай верай і духоўнасцю”, - сказаў Святы Айцец, заўважаючы, што “не існуе такіх межаў і культурных, палітычных ці сацыяльных бар’ераў, якія дазваляюць нам ізалявацца”.
Папа перакананы, што будаваць будучыню, сфармаваную на ўзаемазалежнасці і ўзаемаадказнасці, можа дапамагчы рухавік любові. “Любоў – гэта люстэрка моцнага духоўнага жыцця”, яна неабходная для перамогі над “культурай адчужэння, што здаецца пераважае ў нашым грамадстве” і “зернямі канфліктаў”, якія, між іншым, прыводзяць да разарвання “адзінства паміж чалавечай істотай і навакольным асяроддзем”.
Святы Айцец падкрэсліў, што “культура клопату пра наш супольны дом і нас саміх мае водар надзеі”, а сёння чалавецтва валодае як ніколі дастатковай колькасцю сродкаў для дасягнення гэтай мэты. Папа нагадаў пра важнасць прыкладу і дзеянняў, а таксама выхавання – сфер, дзе рэлігіі і духоўныя традыцыі могуць адыграць значную ролю.
На думку Францішка, клопат пра супольны дом – гэта пакліканне да павагі: павагі да стварэння, да бліжняга, да саміх сябе і да Стварыцеля, а таксама павагі паміж веравызнаннямі і навукай, павагі прасякнутай эмпатыяй і жаданнем узаемнага знаёмства і дыялогу ў супольным падарожжы.
“Позірк з перспектывы ўзаемазалежнасці і дзялення, рухавік любові і пакліканне да павагі. Вось тры ключавыя элементы, якія, на маю думку, могуць асвяціць нашу працу на карысць клопату пра супольны дом. Канферэнцыя па змене клімату ў Глазга паклікана неадкладна даць эфектыўныя адказы на беспрэцэдэнтны экалагічны крызіс і крызіс каштоўнасцей, які перажываем, і такім чынам падарыць канкрэтную надзею будучым пакаленням: мы жадаем суправаджаць яе нашымі высілкамі і нашай духоўнай блізкасцю”, - запэўніў на завяршэнне прамовы Святы Айцец.