Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: праца дае крылы найлепшым марам чалавека

Праца намашчвае чалавека годнасцю і дае магчымасць будаваць будучыню сілай сваіх намаганняў і дароў, атрыманых ад Бога, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы непрымальнасць жыцця на субсідыях.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я ўжо некалькі разоў згадваў пра высакароднае пакліканне прадпрымальніка, які з крэатыўнасцю імкнецца да стварэння багацця і дыверсіфікацыі вытворчасці, адначасова даючы магчымасць для стварэння працоўных месцаў”, - падкрэсліў Святы Айцец у відэапасланні з нагоды 57-годдзя аргентынскага фонда падтрымкім прадпрымальнікаў IDEA.

Члены арганізацыі сабраліся ў Буэнас-Аўрэсе 13-15 кастрычніка 2021 г. для ўдзелу ў канферэнцыі на тэму “Пабудуем устойлівую Аргентыну”, прысвечаную ролі занятасці ў паляпшэнні сацыяльнай інтэграцыі і развіцці краіны.

Пантыфік нагадаў, што праца глыбока звязана з годнасцю чалавека. “Тыя, у каго няма працы, адчуваюць, што ім чагосьці не хапае, не хапае той годнасці, якую дае сама праца, што намашчвае годнасцю”, - дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што з’яўляецца нашчадкам італьянскіх мігрантаў з П’емонта, якія прыбылі ў Аргентыну “з вялікім жаданнем закасаць рукавы і будаваць будучыню для сваёй сям’і”. “Цікава, што грошы яны ўкладалі не ў банк, а ў цэглу і зямлю. Дом быў на першым месцы. Яны глядзелі наперад, думаючы пра сям’ю, інвеставалі ў сям’ю”, - падзяліўся Францішак.

“Праца выражае і ўмацоўвае годнасць чалавека, дазваляе яму развіваць тыя здольнасці, якімі яго адарыў Бог, дапамагае яму ствараць адносіны абмену і ўзаемнай дамамогі, дазваляе адчуваць сябе супрацоўнікам Бога ў клопаце пра гэты свет і яго развіццё, дазваляе яму адчуваць сябе карысным для грамадства і салідарным са сваімі блізкімі. Таму праца, нягледзячы на патрабаванні і цяжкасці, з’яўляецца шляхам сталення, рэалізацыі чалавека, дае крылы яго найлепшым марам”, - дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што субсідыі могуць быць толькі часовай дапамогай для чалавека. “Нельга жыць на субсідыях, бо галоўная мэта – прапаноўваць разнастайныя крыніцы працы, якая дазволіць кожнаму чалавеку будаваць будучыню сіламі сваіх намаганняў і кемлівасці”, - сцвердзіў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што разнастайныя крыніцы працы дапамагаюць розным людзям знайсці для сябе найбольш прыдатную сферу для развіцця сваіх дароў, бо “не ўсе маюць аднолькавыя навыкі і схільнасці”.

“Я перакананы, што на гэтым шляху дыялог паміж прадпрымальнікамі і работнікамі будзе не толькі неад’емным, але таксама плённым і перспектыўным”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

14 кастрычніка 2021, 14:30