Папа ў эфіры ВВС: крызісы даюць магчымасць будаваць разам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
29 кастрычніка 2021 г. Папа прапанаваў свае разважанні аб сумесных дзеяннях у кантэксце кліматычнага крызісу і каронавіруса слухачам радыёкалонкі BBC Думка дня (Thought for the Day). Эфір быў прымеркаваны да экалагічнай сустрэчы сусветных лідараў COP26 у Глазга (1-12 лістапада 2021 г.).
“Змяненне клімату і пандэмія COVID-19 выявілі нашу глыбокую ўразлівасць і выклікалі шматлікія сумневы і заклапочанасць адносна нашых эканамічных сістэм і арганізацыі нашага грамадства”, - сказаў Пантыфік у пасланні, якое выйшла ў аўдыё- і відэа фарматах. Тым не менш, на яго думку, “кожны крызіс патрабуе візіі, здольнасці фармуляваць планы і хутка ўвасобіць іх у жыццё, пераасэнсання будучыні свету, нашага агульнага дома, і пераацэнкі нашай агульнай мэты”.
Францішак звярнуў увагу на ўплыў шматлікіх крызісаў на грамадства. У іх выніку “мы страцілі пачуццё бяспекі, адчуваем бяссілле і страту кантролю над сваім жыццём”. Гаворка ідзе пра праблемы ў галіне аховы здароўя, навакольнага асяроддзя, паставак харчавання і эканомікі, не кажучы ўжо пра крызісы сацыяльныя, гуманітарныя і этычныя. Усе яны, паводле Папы, “глыбока ўзаемазвязаны”, і вядуць да “сапраўднага шторму”, які можа разарваць грамадскія сувязі.
“Мы здольныя супрацьстаяць гэтым крызісам, адступаючы ў ізаляцыянізм, пратэкцыянізм і эксплуатацыю, але можам убачыць у іх рэальны шанец на перамены, сапраўдны момант навяртання, і не проста ў духоўным сэнсе”, - заўважыў Святы Айцец. Ён перакананы, што самы важны ўрок, які можна вынесці з крызісаў, – гэта неабходнасць “будаваць разам, каб больш не было ніякіх меж, бар'ераў і палітычных сцен”.
Рух да больш светлага гарызонту можна рэалізаваць толькі праз “абноўленае пачуццё агульнай адказнасці за наш свет і эфектыўнай салідарнасці, заснаванай на справядлівасці, пачуцці нашага агульнага лёсу і прызнанні адзінства нашай чалавечай сям'і ў Божым плане для свету”. Усё гэта патрабуе “вялізных культурных змен” і прыярытэту агульнага дабра. На думку Папы, ніколі раней чалавецтва не мела ў сваім распараджэнні такой колькасці сродкаў для дасягнення мэты.
Францішак заклікаў тых, хто прымае палітычныя рашэнні, “прапанаваць эфектыўныя адказы на цяперашні экалагічны крызіс і такім чынам даць канкрэтную надзею будучым пакаленням”.
Папа завяршыў сваё пасланне запрашэннем да ўсіх і кожнага рабіць свой пасільны ўнёсак у калектыўны адказ на беспрэцэдэнтную пагрозу змены клімату і знішчэння планеты.
Думка дня – гэта рубрыка праграмы Сёння (Today Programme) на BBC Radio 4, якая прапануе разважанні па розных актуальных праблемах праз духоўную перспектыву.