Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец да расійскіх католікаў: быць евангельскім зернем

Францішак скіраваў пасланне да расійскіх католікаў з нагоды 30-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, якое адзначаецца 10 кастрычніка 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Ваша святкаванне – гэта не толькі ўспамін пра юрыдычныя акты і фармальныя рэаліі. Хутчэй, гэта час для таго, каб з пакорай і з удзячнасцю ўспомніць пра дабро, атрыманае ад Пана і ад многіх братоў і сясцёр, якія – як сапраўдныя “святыя па суседству” – падтрымлівалі вас на шляху”, - заўважыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што юбілей з’яўляецца таксама нагодай для таго, каб “узрастаць паводле Евангелля і імкнуцца быць супольнасцямі, усё больш і больш паслухмянымі Божаму слову, ажыўленымі надзеяй і падтрыманымі суцяшальнай сілай Святога Духа; быць адкрытымі, у паслухмянасці найвышэйшай запаведзі любові, на сустрэчу і салідарнасць з усімі, асабліва з братамі і сёстрамі Праваслаўнай Царквы”.

Папа заўважыў, што “касцёльная самасвядомасць” патрабуе такіх “моцных момантаў”, каб “абнавіць і ачысціць сябе” і “з Божай дапамогай пазбавіцца ад усялякай спакусы самадастатковасці і самахвальства”.

“Я жадаю, каб гэта святкаванне заахвоціла ўсю каталіцкую супольнасць у Расійскай Федэрацыі быць евангельскім зернем, якое з радасцю і пакорай прапануе яснасць і празрыстасць Божага Валадарства. Я жадаю вас быць супольнасцю мужчын і жанчын, дзяцей і дарослых, моладзі і пажылых людзей, святароў і свецкіх, кансэкраваных асобаў і тых, якія шукаюць паклікання, якія імкнуцца да адзінства з усімі, каб проста і шчыра сведчылі ў сямейным жыцці і ў кожнай штодзённай сферы аб атрыманым дары ласкі: гэта вельмі падабаецца Богу і спрыяе агульнаму дабру грамадства. У прыватнасці, хрысціянскае сведчанне найлепшым чынам праяўляецца ў клопаце пра іншых, асабліва пра самых бедных і пазбаўленых увагі”, - дадаў Святы Айцец.

Святы Айцец заахвоціў расійскіх католікаў “працягваць крочыць разам з усімі братамі і сёстрамі хрысціянамі” і нястомна прасіць Пана дапамагчы паглыбіць “наша пазнанне адзін аднаго і крок за крокам набліжацца да еднасці”. “Молячыся за ўсіх і служачы тым, з кім мы раздзяляем адно чалавецтва, якое Езус непарыўна злучыў з Сабой, мы нанава адкрыем сябе як братоў і сясцёр у супольным пілігрымаванні да таго адзінства, на якое ўказвае нам Бог падчас кожнай эўхарыстычнай цэлебрацыі”, - пажадаў Папа, даручаючы каталіцкую супольнасць у Расіі заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа.
 

10 кастрычніка 2021, 11:50