Пошук

Сустрча Францішка з Народнымі рухамі ў Ватыкане. 2020.10.23 Сустрча Францішка з Народнымі рухамі ў Ватыкане. 2020.10.23  

Папа “магутным” планеты: у імя Бога змяніце сённяшнюю сістэму

У відэазвароце, адрасаваным удзельнікам 4-й Міжнароднай сустрэчы Народных рухаў, Францішак рашуча заклікаў “магутных” планеты працаваць на карысць больш справядлівага і салідарнага свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку Папы, трэба ануляваць доўг бедных краін, забараніць гандаль зброяй, спыніць агрэсію і санкцыі, лібералізаваць патэнтную сістэму, каб кожны атрымаў доступ да вакцыны. Ён выступіў з двума прапановамі: ўстанавіць усеагульны мінімальны заробак і скараціць працоўны дзень.

Святы Айцец назваў Народныя рухі "грамадскімі паэтамі", падзякаваў ім за тое, што яны робяць і на што звяртаюць увагу, спаслаўшыся на харчовы крызіс, які сёлета закрануў чарговыя дваццаць мільёнаў чалавек і прывёў да ахвяр, колькасць якіх "можа перавысіць статыстыку па COVID". Ён прапанаваў пераўтварыць тое, што сацыяльнае вучэнне Касцёла называе “структурамі граху”: трэба змяніць цяперашнія грамадскія мадэлі, якія ў многіх выпадках страцілі чалавечае аблічча.

“У імя Бога” Францішак папрасіў: фармацэўтычныя кампаніі лібералізаваць патэнты і даць шырокі доступ да вакцын; фінансавыя групы і міжнародныя крэдытныя арганізацыі дараваць бедным краінам даўгі; сектар здабычы спыніць знішчэнне лясоў, балот і гор, забруджванне рэк і мораў, атручванне людзей і ежы; буйныя харчовыя кампаніі перастаць навязваць манапалістычныя структуры вытворчасці і размеркавання, якія завышаюць цэны; вытворцаў зброі і гандляроў зброяй цалкам спыніць дзейнасць; тэхнічных гігантаў спыніць эксплуатацыю чалавечай слабасці і ўразлівасці для атрымання выгады; тэлекамунікацыйных гігантаў даць доступ да зместу адукацыі і абмену з настаўнікамі праз інтэрнэт; СМІ пакласці канец логіцы постпраўды, дэзінфармацыі, паклёпу і скандалаў; магутныя краіны спыніць агрэсію, блакады і аднабаковыя санкцыі супраць любой краіны ў любой частцы зямлі.

Апошнія дзе просьбы Францішак адрасаваў урадам і палітыкам, каб яны прадстаўлялі свае народы і працавалі на агульнае дабро, і рэлігійным лідарам, каб ніколі не выкарыстоўвалі імя Бога для распальвання войнаў або дзяржаўных пераваротаў.

Папа назваў прыярытэтам дзейнасці Народных рухаў барацьбу за ўсеагульную мінімальную заработную плату і за скарачэнне працоўнага дня. Ён заклікаў не знеахвочвацца меркаваннем некаторых, якія лічаць гэтыя мэты недасягальнымі. Чым больш людзей разам мараць аб такой змене, імкнучыся яе ажыццявіць, тым скарэй мара стане рэальнасцю.
 

16 кастрычніка 2021, 16:47