Папа: Сінод дае шанц на душпастырскае навяртанне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік заклікаў перажыць Сінод у духу малітвы “каб усе былі адно”, якую Езус узносіў да Айца, а таксама нагадаў пра пакліканне ўсяго Божага народа да “еднасці, камуніі, братэрства, якое нараджаецца з адчування таго, што ўсе мы агорнуты адзінай Божай любоўю”.
Святы Айцец заўважыў, што Сінод мае тры ключавыя словы: камунія, удзел і місія. “Камунія і місія – гэта тэалагічныя выразы, якія акрэсліваюць таямніцу Касцёла і пра якія карысна памятаць”, - дадаў ён, заклікаючы ўсіх вернікаў да ўдзелу ў працы Сінода і жыцці Касцёла.
Пантыфік нагадаў, што Сінод можа даць вялікі шанц на душпастырскае навяртанне ў місійным і экуменічным ключы, але таксама звярнуў увагу на тры рызыкі, з якімі можна сустрэцца падчас асамблеі. Першая – гэта фармалізм. Сінод – гэта шлях духоўнага распазнання з мэтай лепшага супрацоўніцтва з дзейнасцю Бога ў гісторыі, таму трэба, каб ён паспрыяў “дыялогу і ўзаемадзеянню ў Божым народзе, асабліва паміж святарамі і свецкімі”, - сцвердзіў Францішак.
Другая рызыка – гэта інтэлектуалізм, ператварэнне Сінода ў пэўнага роду сход даследчыкаў, якія кажуць разумныя, але абстрактныя прамовы аб праблемах Касцёла і свету, адрываючыся ад рэальнасці Божага народу і канкрэтнага жыцця супольнасцей, раскінутых па свеце.
Францішак папярэдзіў таксама пра спакусу бяздзейнасці, якая выражаецца ў сцвярджэнні: “заўсёды так было”, лепш нічога не змяняць. “Рызыка заключаецца ў тым, што напрыканцы мы будзем выкарыстоўваць старыя рашэнні для новых праблем”, - заўважыў ён.
Святы Айцец назваў Сінод “нагодай для сустрэчы, слухання і рэфлексіі”, часам ласкі, які дае тры магчымасці. Першая – не толькі час ад часу, але структурна крочыць у кірунку сінадальнага Касцёла, што значыць адкрытага месца, дзе ўсе адчуваюць сябе дома і могуць прымаць удзел. Другая – гэта магчымасць стаць Касцёлам слухання: слухання Духа на адарацыі і малітве, слухання братоў і сясцёр аб спадзяваннях і крызісе веры ў розных частках свету, аб патрэбе абнаўлення душпастырскага жыцця, аб сігналах, што паходзяць з рэчаіснасці на месцах.
“Нарэшце, мы маем магчымасць стаць Касцёлам блізкасці, які не толькі на словах, але таксама сваёй прысутнасцю ўстанаўлівае больш блізкія сувязі сяброўства з грамадствам і светам: Касцёлам, які не адгароджваецца ад жыцця, але бярэ на сябе цяжар крохкасці і беднасці нашага свету, клапоцячыся пра раны і аздараўляючы знясіленыя сэрцы Божым алеем”, - сказаў Пантыфік.
Францішак пажадаў, каб Сінод “быў часам, у якім будзе жыць Дух”, бо “маем патрэбу ў Духу, у заўсёды новым подыху Духа, які вызваляе ад закрытасці, ажыўляе тое, што памерлае, разрывае путы, сее радасць”. “Святы Дух – гэта той, хто вядзе нас туды, куды хоча Бог, а не туды, куды б прывялі нас нашы ідэі і нашы асабістыя густы”, - дадаў Папа.
“Прыйдзі Дух Святы! Ты, які ствараеш новыя мовы і ўкладаеш у вусны словы жыцця, захавай нас ад ператварэння ў Касцёл-музей, прыгожы, але нямы, з вялікім мінулым і малой будучыняй. Прыйдзі да нас, каб падчас сінадальнага досведу мы не дазволілі расчараванню ахапіць нас, каб не рабілі вадкім прароцтва, не прыйшлі да звядзення ўсяго да бясплённых дыскусій. Прыйдзі, Дух любові, адкрый нашы сэрцы на слуханне. Прыйдзі, Дух святасці, абнаві святы Божы люд. Прыйдзі, Дух-Стварыцель, абнаві аблічча зямлі”, - памаліўся на завяршэнне прамовы Пантыфік.