Папа: сапраўдная свабода вядзе да міласэрнай любові
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Апостал Павел у сваім Пасланні да Галатаў, паступова ўводзіць нас у вялікую навіну веры”, - сказаў на пачатку катэхезы Францішак, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра “па-сапраўднаму вялікую навіну, бо яна абнаўляе не толькі нейкі жыццёвы аспект, але ўводзіць нас усярэдзіну таго “новага жыцця”, якое атрымалі з хростам”.
“Тут на нас выліўся найбольшы дар веры – дар быцця Божымі дзецьмі. Адроджаныя ў Хрысце, мы перайшлі ад рэлігійнасці, што складаецца з выканання прадпісанняў, да жывой веры, у цэнтры якой знаходзіцца еднасць з Богам і братамі. Мы перайшлі ад страху няволі і граху да свабоды Божых дзяцей”, - дадаў ён.
Францішак нагадаў, што для апостала Паўла сэнс свабоды заключаўся ў тым, каб жыць не “паводле цела”, гэта значыць наследуючы эгаістычныя памкненні, а “паводле духа”, служачы адзін аднаму, да чаго вядзе свабода Езуса. “Сапраўдная свабода, цалкам выражаецца ў міласэрнай любові. Мы яшчэ раз апынаемся перад парадоксам Евангелля: мы з’яўляемся свабоднымі, не для таго, каб рабіць тое, што падабаецца, але, каб служыць; мы цалкам знаходзім сябе ў той меры, у якой дорым сябе (...); мы маем жыццё, калі губляем яго. Гэта чыстае Евангелле”, - сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што гэты парадокс тлумачыцца любоўю Хрыста, якая вызваляе нас ад рабства перад уласным “эга”. “Без любові няма свабоды”, а эгаістычнае карыстанне свабодай не прыносіць плёнаў. Святы Айцец падкрэсліў, што свабода ўзрастае дзякуючы любові. Гаворка, аднак, не ідзе пра любоў з тэлесерыялаў ці пошук уласнага задавальнення, але пра любоў, якую бачым у Хрысце – міласэрную любоў. Толькі яна па-сапраўднаму вызваляе. “Гэта любоў, якая ззяе ў бескарыслівым служэнні па прыкладзе любові Езуса, які абмываў ногі сваім вучням і казаў: “Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам” (Ян 13,15).
Святы Айцец спаслаўся на словы апостала Паўла, які ў Пасланні да Карынцянаў вучыў, што “ўсё можна, але не ўсё карысна”, а таксама заклікаў не шукаць “свайго, але таго, што карысна для іншага” (1 Кар 10,23-24).
“Таго, хто сустракаецца са спакусай абмежавання свабоды ўласным густам, Павел ставіць перад патрабаваннем любові. Свабода, якой кіруе любоў, адзіная, якая робіць вольнымі іншых і нас саміх, адзіная, здольная слухаць без навязвання; жадаць дабра, не прымушаючы; якая будуе і не разбурае; не выкарыстоўвае іншых дзеля ўласнага камфорту і робіць ім дабро, не шукаючы ўласнай карысці. Такім чынам, калі свабода не служыць дабру, тады яна рызыкуе застацца стэрыльнай і не прыносіць плёнаў. У сваю чаргу свабода, натхнёная любоўю, вядзе да бедных, распазнаючы ў іх тварах аблічча Хрыста. Па гэтай прычыне служэнне адзін аднаму дазволіла Паўлу, пішучы да галатаў, падкрэсліць немалаважную рэч: гаворачы пра свабоду, якую іншыя апосталы далі яму ў евангелізацыі, ён падкрэслівае, што яны раілі яму толькі адно – памятаць пра бедных”, - падкрэсліў Папа.
Францішак спаслаўся на адно з самых распаўсюджаных сёння паняццяў свабоды, якое сцвярджае: “мая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца твая”. “Але тут не хапае адносін! Гэта індывідуалістычная візія”, - заўважыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што чалавек, які атрымаў дар свабоды ад Езуса, не можа лічыць быццам свабода заключаецца ў прабыванні на адлегласці ад іншых, у засяроджанасці на сабе. “Сацыяльнае вымярэнне з’яўляецца фундаментальным для хрысціян і дазваляе ім глядзець у кірунку агульнага дабра, а не прыватных інтарэсаў”, - дадаў Святы Айцец,
“Асабліва ў гэты гістарычны момант мы маем патрэбу ў тым, каб нанава адкрыць супольнаснае, а не індывідуалістычнае вымярэнне свабоды: пандэмія навучыла нас таму, што мы патрабуем адзін аднаго, але пра гэта недастаткова ведаць, трэба штодзённа рабіць канкрэтны выбар на карысць гэтага, станавіцца на гэты шлях. Мы кажам і верым, што іншыя не толькі не з’яўляюцца перашкодай для маёй свабоды, але магчымасцю рэалізаваць яе напоўніцу, бо наша свабода нараджаецца з любові Бога і ўзрастае ў міласэрнай любові”, - завяршыў катэхезу Папа.