Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік стварыў Фонд па справах каталіцкіх медустаноў

6 кастрычніка 2021 г. быў абнародаваны хірограф Святога Айца аб стварэнні Фонда па справах каталіцкіх устаноў сферы аховы здароўя (Fondazione per la Sanità Cattolica).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Структура будзе “аказваць эканамічную падтрымку медыцынскім структурам Касцёла з мэтай захавання харызмату іх заснавальнікаў, уключэння ў сеткі аналагічных і дабрачынных структур Касцёла і, такім чынам, дзеля захавання іх выключна дабрачыннага прызначэння, згодна з прынцыпамі сацыяльнага вучэння”.

Рашэнне Папы выклікана крызісам, з якім сутыкнуліся многія медыцынскія структуры, што знаходзяцца ва ўласнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Нярэдка яны апынаюцца ў такой сітуацыі, што не маюць магчымасць працягваць утрымліваць свае шпіталі і выстаўляюць іх на продаж.

Новы Фонд – напісаў Францішак – з’яўляецца “структурай, злучанай са Святым Пасадам”, таму “можа дзейнічаць пад яго суверэннай уладай і ў якасці інструменту Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы”, якой належыць клапаціцца пра кіраванне Фондам і, па меры неабходнасці, пра яго фінансаванне.

Папа ўхваліў статут Фонда і прызначыў яго кіраўніком арцыбіскупа Нунцыа Галанціна, старшыню Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. Плануецца, што структура будзе аказваць эканамічную падтрымку каталіцкім медыцынскім установам, займацца пошукам неабходных фінансавых рэсурсаў, у тым ліку ад асобных ахвярадаўцаў, дзяржаўных і прыватных устаноў. Фонд зможа ажыццяўляць любыя віды дзейнасці, дазволеныя заканадаўствам краін, у якіх знаходзяцца медыцынскія структуры, што з’яўляюцца аб’ектам яго дзейнасці, імкнучыся забяспечыць павагу да прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла і эканамічнай устойлівасці.

“Мы паспрабуем пазбегнуць рызыкі таго, што нават не жадаючы гэтага, такія структуры спрыяюць пераходу да разумення медыцынскай дапамогі як элітарнай, скарачаючы колькасць месцаў, дзе лячэнне даступнай для ўсіх”, - заўважыў у каментары для Vatican News арцыбіскуп Нунцыа Галанціна.
 

06 кастрычніка 2021, 13:30