Папская св. Імша ў Дзень задушны пройдзе на вайсковых могілках
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Некропаль, які знаходзіцца ў паўночнай частцы Вечнага горада, недалёка ад Алімпійскага стадыёна, з’яўляецца месцам пахавання французскіх салдат, якія загінулі падчас італьянскай кампаніі ў Другую сусветную вайну паміж 1943 і 1945 гг.
У Дзень задушны Пантыфік заўсёды цэлебруе св. Імшу на могілках у Рыме ці яго ваколіцах. Часцей за ўсё гэта адбывалася на тэрыторыі гістарычнага манументальнага некропалю Кампа-Верана ў цэнтральнай частцы горада.
У 2017 г. папская св. Імша за памерлых праходзіла на амерыканскіх вайсковых могілках у Нетуна, якія з’яўляюцца адным з месцаў-сімвалаў Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Італіі.
У 2018 г. Францішак цэлебраваў св. Імшу на рымскіх Лаўрэнтынскіх могілках – трэціх па велічыне ў Вечным горадзе. Перад літургіяй ён памаліўся і ўсклаў белыя кветкі ля магіл ненароджаных дзяцей і дзяцей, якія памерлі ў малым узросце, а таксама сустрэўся з бацькамі пахаваных тут немаўлятаў.
У 2019 г. Святы Айцец маліўся ў катакомбах Прысцылы, а ў 2020 г., па прычыне пандэміі, ён не пакідаў тэрыторыю Ватыкана. Св. Імша прайшла на Тэўтонскіх могілках, якія размяшчаюцца паміж Залай Паўла VI і базылікай св. Пятра, а пасля яе Францішак спусціўся ў Ватыканскія гроты, дзе памаліўся за спачылых Пантыфікаў.
Раней Служба папскіх літургічных цэлебрацый паведамляла, што 4 лістапада 2021 г. Пантыфік будзе цэлебраваць эўхарыстычную літургію ў інтэнцыі кардыналаў і біскупаў, памерлых на працягу мінулага года. Яна адбудзецца пры Алтары Катэдры ў ватыканскай базыліцы св. Пятра.