Пантыфік моліцца за псіхічна хворых людзей і ахвяр самагубстваў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сёння, з нагоды Сусветнага дня псіхічнага здароўя, я хацеў бы ўзгадаць пра братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад псіхічных разладаў, а таксама пра ахвяр самагубства, часта маладых. Памолімся за іх і за іх сем’і, каб не былі пакінуты ў адзіноце і не падвяргаліся дыскрымінацыі, але былі прыняты і падтрыманы”, - сказаў Францішак.
Францішак таксама распавёў пра дзве беатыфікацыі, якія прайшлі ў Італіі. У Неапалі была абвешчана благаслаўлёнай Марыя Ларэнца Лонга, жонка і маці, якая жыла ў XVI ст., а калі засталася ўдавой заснавала Шпіталь для невылечных і супольнасць кларыс-капуцынак. “Жанчына вялікай веры і моцнага малітоўнага жыцця, яна рабіла ўсё магчымае для патрэб бедных і пакутуючых”, - сказаў Папа.
Другая беатыфікацыя прайшла ў горадзе Трапэа, у італьянскім рэгіёне Калабрыя. Тут благаслаўлёным быў абвешчаны кс. Франчэска Мотола, заснавальнік Аблатаў і Аблатак Найсвяцейшага Сэрца, памерлы ў 1969 г. “Руплівы пастыр і нястомны прапаведнік Евангелля, ён быў узорным сведкам святарства, якое перажываецца ў міласэрнай любові і сузіранні”, - падкрэсліў Пантыфік.